“Нам хочацца адчыняць дзверы для ўсіх таленавітых людзей”. Як беларускі здымаюць фільмы, ствараючы арт-праект, прысвечаны праблемам сучаснай Беларусі
«Рэвалюцыя» — арт-праект, створаны рэжысёркай Дар’яй Брыян і прадзюсаркай Марыяй…
«Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі
Знойдзенае на сметніцы пап’е-машэ можа выканаць любое жаданне, але галоўнае пра гэты выбар не пашкадаваць.
Безуважная і драматычная фантасмагорыя Сямашкі адрозніваецца яскравым візуальным шэрагам у стылі “Эд Вуда” Бёртана, дакладным музычным суправаджэннем і – выразным сцэнарам. Апошняе – мабыць, адзін з самых важных складнікаў удалага індзі-фільма. Менавіта зразумелай і яскравай драматургіі часта не хапае ігравому беларускаму кіно.
«Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага
Аўтабіяграфія як галоўная крыніца натхнення.
Уменне Лаўрэцкага здабываць з асабістага жыцця патрэбныя нарацівы і сюжэты з кожным годам становіцца больш моцным і ўпэўненым. Мабыць, гэтае майстэрства адчуваецца ў тым, што асабістае ім выдатна абагульняецца і прэпаруецца. «Спатканне ў Мінску» – знятая адным дублем камерная драма пра тое, ці можна пераадолець назапашаныя траўмы і сустрэцца – як быццам упершыню.
«Ператрымка» Андрэя Кашперскага
Асабістая кватэра амапаўца як сімвал суцэльнай клеткі ў асобна ўзятай краіне. У турмах больш няма месца, таму амапавец вымушаны адвезці затрыманых да сябе дадому на 15 сутак арышту.
Моцны бок гэтай навелы – гумар, які рэалістычна і бязлітасна выкрывае ўсе скрыўленні рэпрэсіўнай машыны. Такая рэжысёрская оптыка – тое, што сапраўды сёння можа падбадзёрыць.
«Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч
«Я ляжу такая на нарах і думаю: затое ў мяне ўчора добрая спатканка была» — маладосць, якая дае надзею.
Плынь жыцця маладой беларускі, якая засталася ў краіне, і абаяльна гаворыць аб тым, чаму яна не хоча дзяцей і лепш паедзе на Палессе, чым за мяжу.
Кранальная мілая фіксацыя дваццацігадовага жыцця, у якога хочуць забраць усё, але маладосць, як гэта водзіцца, не гатовая нічога аддаваць.
Фільмы, якія, на жаль, можна паглядзець толькі афлайн. Але такія паказы даволі часта праводзяцца ў гарадах Еўропы, а таксама ў Тбілісі і Ерэване – так што рэкамендуем не прапускаць.
«Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага
Боль існавання і невыносная рэальнасць. Вельмі асабісты аповед пра посттраўматычны сіндром, эміграцыю і жыццё з чалавекам, якому вельмі балюча. Чужы сеанс псіхатэрапіі, які можа быць лячэбным і для вас.
«Лета 1989» Уладзіміра Казлова
Цяжкасці сталення ў БССР у чорна-белай не кантраснай эстэтыцы.
Няспешны фільм пра летнюю вылазку на прыроду выпускнікоў школы, у якім за неабавязковымі анекдотамі і абмеркаваннямі паступлення вымалёўваецца будучыя драмы і траўмы. Жывая камера залучае нас, ператвараючы ў тайных удзельнікаў гэтай інтымнай гісторыі.
«Мара» Сашы Кулак
Адна мара на ўсіх, якая стала агульным болем.
Дакументальны фільм, эсэ, перфоманс – рэжысёрка прапануе нам жанравую сумесь пра дыктатуру, боль, растаптаную надзею. Катаванне (а шырэй траўма) у Кулак – тое, пра што натуральна не ведаць. Магутная рэфлексія змешчана ў антураж сюррэалістычных і праўдзівых кашмараў, у якія ўвесь час урываецца доўгая чырвоная тканіна, якая цягнецца і цягнецца, робячы трывожнае няведанне асновай нашай рэальнасці.
«Метадычка» Паўла Мажара
Катаванне як стыль жыцця.
Падрабязная разгорнутая дэманстрацыя ўсіх карных сілавых метадаў, знятая Мажарам так – быццам гэта звычайная лекцыя па тэхніцы бяспекі на ўмоўным АБЖ, дзе паказваюць, як карыстацца вогнетушыцелем. Такая адхіленасць нібы дазваляе глыбей зазірнуць у светаадчуванне людзей, паслухмянства і падпарадкаванне якіх вывастраныя, нібы праца канвеера на заводзе.
«Смеласць» Аляксея Палуяна
Рашучасць быць пачутым.
Марына, Павел і Дзяніс належаць да Беларускага свабоднага тэатру. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яны ўдзельнічаюць у мірных масавых акцыях разам з тысячамі людзей.
Мужнасць, адчай, барацьба – і мастацтва як галоўная аснова для супраціву, Аляксей Палуян пачаў гэтую гісторыю задоўга да трагічнага жніўня 2020 года і здаецца, сам не чакаў, што ў стужкі будзе менавіта такі фінал.
«У жывым эфіры» Мары Тамковіч
Гісторыя журналістак Белсата Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай у мастацкім увасабленні.
Камерная гісторыя, якая літаральна адбываецца на кухні звычайнай панэлькі. Але тут столькі папругі і клаўстрафобіі, што можна злавіць панічны напад. Гэта хаця і фікшн, але ў фільме выкарыстаны ўрыўкі з белсатаўскай праграмы «Плошча пераменаў» ад 15 лістапада 2020 года.
Перамяжоўваючы кінарэальнасць і рэчаіснасць, Мара Тамковіч паказвае нам кошт выбару, які робіцца пад грукат амапаўскіх палак і ўласнага сэрца.
Backstage.Belarus
«Рэвалюцыя» — арт-праект, створаны рэжысёркай Дар’яй Брыян і прадзюсаркай Марыяй…
“Акупацыя. Містэрыі” – мастацкі фільм рэжысёра Андрэя Кудзіненкі паводле сцэнарыя…