Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

24 сакавіка, 2024

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла думка — а які сэнс казаць аб страце? Няздольнасць вярнуць згубленае як быццам робіць пакуту бессэнсоўнай.

З іншага боку, усведамленне страты — гэта і ёсць прызнанне ў любві таму, што было важным і вельмі каштоўным. А яшчэ бедаванне — частка лячэння, карысная тэрапеўтычная практыка, таму бедаваць чалавек можа роўна столькі, колькі лічыць неабходным.

Наогул, усё, што адбываецца з намі апошнія чатыры гады, можна апісаць гэтым словам — страта. Мы шмат чаго згубілі, і, напэўна дзіўна вылучаць нешта адно, але мне трэба —  таму што менавіта гэтая страта баліць да гэтага часу, садніць і адклікаецца.

Апошні раз у Мінску я была ў сакавіку 2022 года, калі свет даведаўся пра Бучу. Каб справіцца з аглушальнай тугой, намагалася не хавацца. Мяне заўсёды (не важна — разбітае сэрца ці проста нуда) ратаваў Купалаўскі тэатр.

І я ведала, што гэтага тэатра больш няма. Але толькі сутыкнуўшыся вось так — сам-насам — з паўпустой афішай на будынку тэатра ў скверы, які стаў ужо родным, я канчаткова пераканалася, што гэта праўда.

Няма абаяльнай трупы, россыпы цікавых, яскравых і спрэчных  спектакляў, няма Пінігіна, які перавярнуў свет гэтага тэатра. І Гарцуева няма — ён заўсёды быў як быццам у цені, але ягоныя ціхія ў сваім таленце пастаноўкі я таксама вельмі любіла, няма эксперыментальнай камернай сцэны.

Нічога няма! Пра тое, што гэта ўсё нам не прыснілася, нагадвае хіба што Генадзь Аўсяннікаў і Зінаіда Зубкова ў дудараўскім “Вечары” са сцэнаграфіяй Барыса Герлавана. Ёсць яшчэ “Паўлінка” і “Чорная панна Нясвіжа” — але яны з іншым акцёрскім ансамблем выглядаюць, як рысы сваяка, якога ты бачыў апошні раз, калі табе было 14 (у мяне ёсць такі “тата”, я ведаю, аб чым кажу).

“Дзве душы” у выкананні актораў Купалаўскага тэатра, фота belsat.eu

Пра тое самае пакаленне купалаўцаў нават гаварыць балюча. Так, месца пустым не бывае — яго абавязкова хтосьці зойме. Але ў мяне шмат пытанняў да гэтых “нехта”. Няма таго яднання, якое было ў папярэдняй трупе. Больше за тое, а хто будзе ўласна і гадаваць гэта новае пакаленне, працягваючы акцёрскую купалаўскую традыцыю? Мне падаецца, гэтым дакладна не будзе займацца Вольга Няфёдава — здольная хутчэй даць майстар-клас, як гэта ўсё эфектна пахаваць. 

Цяпер у трупе галоўнага тэатра краіны — 6 рускіх акцёраў (я не заленавалася і палічыла).  Гэта гаворыць альбо пра паступальную культурную інтэрвенцыю, альбо пра поўны дэфіцыт кадраў унутры краіны — што ў абодвух выпадках балюча. 

Маё “любімае” — у некаторых актораў на сайце нават няма фотаздымкаў. А навошта? Ну іграюць там нейкія — ды і няхай! 

Тая самая бяда і з рэпертуарам. Пра камерую сцэну нават казаць не будзем. Звернем увагу на асноўную: “Гарачае сэрца” паводле Астроўскага, “Жаніцьба” Гогаля, “Рамэа і Джульета” Шэкспіра і — “Казка аб мёртвай царэўне” Пушкіна. І калі гэта сучасны актуальны рэпертуар, то я Анджэліна Джалі, як кажуць. Астроўскі? Мне здаецца, жаданне ў 21 стагоддзі ставіць гэтага драматурга гаворыць рэальна аб творчай і рэжысёрскай імпатэнцыі. Гэта знежывелыя п’есы, з іх рэальна пацяруха сыплецца.

Але самае галоўнае для мяне ў гэтай страце — тэатр як брэнд. Я ўвогуле заўсёды бачыла ў Купалаўскім вялікі патэнцыял для кіно.  Растлумачу. Нядаўна на YouTube-канале Belarusian Filmmakers’ Network была апублікаваная серыя інтэрв’ю культуролага Максіма Жбанкова з рознымі дзеячамі беларускага кіно. Там гучала, напрыклад, пытанне, дзе нашыя Роберт дэ Ніра ці Дасцін Хофман. З пункту гледжання адсутнасці індустрыі цяжка знайсці яшчэ нейкі адэкватны адказ. Так, кінавытворчасць якая-ніякая ёсць, але індустрыі няма.

Дэ Ніра ж не сам па сабе з’явіўся, а дзякуючы геніяльным ролям, якія яго па-сапраўднаму адкрылі — “Злыя вуліцы” ці “Таксіст”. Скарсэзэ ж у сваю чаргу рэалізаваць уласны талент змог не на каленцы, а маючы для гэтага неабходныя рэсурсы. А ў нас, калі пустыня, адкуль узяцца жывой зорцы? Пры гэтым я заўсёды лічыла якраз Купалаўскі тэатр тым, што здольна падсілкоўваць беларускае кіно.

Трупа галоўнага тэатра краіны — гэта быў сапраўды магутны сінтэз неверагодных таленту, абаяння і прыгажосці. І многіх акцёраў мы бачылі ў Андрэя Кудзіненкі, Аляксея Палуяна, Улады Сяньковай і іншых. І гэта тое, што ты запомніш, — прыгажосць і талент не могуць не аддрукавацца на сэрца.

Я, напрыклад, вельмі добра памятаю, калі ў беларускім пракаце ішла “Анастасія Слуцкая”. Я была падлеткам, натуральна, школьнікаў усіх заганялі ў кінатэатры ці мясцовыя ДК. Фільм гэты мне не спадабаўся, але я памятаю эфект ад Святланы Зелянкоўскаай. Калі ты проста глядзіш на яе і разумееш, што з такімі дадзенымі проста па чырвонай дарожцы Канскага кінафестывалю хадзіць трэба.

І ў трупе там шмат было такіх асоб — не адарвацца. Я лічу, што Аляксандр Маўчанаў і Раман Падаляка рэальна маглі б стаць нашымі патэнцыяльнымі кінакрашамі.

Маё галоўная купалаўская любоў — спектакль “Маэстра” Аляксандра Гарцуева, спектакль, дзе, уласна, галоўную ролю выконвалі Маўчанаў і Падаляка. І мы з маёй сяброўкай Асяй кожны месяц хадзілі на гэты спектакль і, натуральна, спрабавалі прааналізаваць розныя акторскія ансамблі, якія ў гэтай пастаноўцы ўдзельнічалі. Увесь час была спрэчка, чый жа маэстра падабаецца больш. Мне першапачаткова падабаўся Падаляка, але потым я прыйшла да высновы, што Аляксандр іграе як быццам больш тонка — з усімі нюасамі, якія і пра генія, і пра дзівака. 

А зараз уявіце, што мы гэта, у дадатак да тэатра, можам прынесці і ў кіно. Кіно б гэта вельмі дапамагло — магія там звычайна нараджаецца ад вялікага запалу: нам адклікаецца акцёр, рэжысёр. Кіно — гэта вельмі персаналізаваная гісторыя. І радасна, калі б у нашай былі менавіта такія класныя, цікавыя, таленавітыя людзі.

Магчыма, мае асабістыя прыклады камусьці пададуцца недастатковымі, каб казаць пра тое, што Купалаўскі тэатр мог бы стаць такой нашай фабрыкай зорак. Але для мяне гэта так. І таму маё бедаванне да гэтага часу працягваецца. Так, усе выдатныя людзі, яны ёсць, яны працуюць, іх можна здымаць, але зараз гэта — разрознена і занадта адасоблена.

Сапраўды была разбурана пэўная экасістэма, якая магла стаць базай і падмуркам. А стала — раскіданым гняздом. Як сімвалічна — і вельмі балюча.

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у Берліне: 10 тэзісаў пра падзею

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у Берліне: 10 тэзісаў пра падзею

Аўтарка Backstage і кінакрытык Алёна Сойка паглядзела 71 стужку доўгага…

Type your search keyword, and press enter to search