Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

27 лютага, 2024

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы беларускі музыка Vinsent, пагутарыў з кафаўндарамі Backstage Пашам Пяцько і Янай Барысавай, абмеркаваўшы яго першыя крокі ў музыцы, удзел у здымках кіно, а таксама новы музычны кліп, які гэтай зімой стаў хітом на беларускім Youtube.

(Паша) У канцы мінулага году выйшаў твой сінгл “Не заўжды” і кліп, які сабраў на Youtube больш за 100 тысяч праглядаў. Ён адрозніваецца ад таго, што ты рабіў раней, з чым звязаная такая метамарфоза?

Сапраўды, я некалькі гадоў нічога не выдаваў, і захацелася зрабіць нешта ў іншым жанры, штосьці больш меладыйнае, нешта зусім новае. Тым больш, што яно так напісалася само – мне ў галаву прыйшла гэта мелодыя, я сеў і запісаў усё пад піяніна сам, а потым аранжыроўку дарабіў. 

Ці значыць гэта, што рэп для цябе ўжо вычарпаны?

Не ведаю, ці вычарпаны. Можна і рэпавае буду нешта рабіць потым, але цяпер хочацца больш хітовых прыпеваў, чагосьці больш меладыйнага. Мне здаецца, што ў новай песні якраз атрымалася зрабіць цікавы прыпеў. І запамінальны. Хочацца зараз папрацаваць на такім полі, не рэчытатыўным.

(Яна) Але повернемося до репу. Як хлопцю, який навчався на факультеті журналістики, прийшла в голову ідея стати репером? Тоді, здається, це не було чимось масовим і перспективним.

Мне спадабалася гэтая музыка. Тады, калі мы вучыліся на журфаку, тады і прыйшла гэта ідэя. Я жыў у інтэрнаце, усталяваў сабе праграму і пачаў пісаць біты. З гэтага ўсё пачалося. А потым ужо да мяне ў інтэрнат прыходзіў і  Макс Корж, дарэчы, які тады пісаў тэксты па-беларуску. І мы разам сядзелі, нешта круцілі.

Я на журфаку вучыўся і хацеў стаць спартовым каментатарам – гэта мая мара была. І мне рэп спадабаўся напэўна таксама таму, што там ёсць праца са словам. Магчыма гэта неяк так звязана было. 

Я народилася в 90-х, і тоді почав спостерігатися так званий «ефект Скайлі» – на честь героїні серіалу «Секретні матеріали». Багато дівчат, які зростали на цьому серіалі, обирали кар’єру вчених, адже вона стала для них взірцем. Чи був в тебе такий приклад для наслідування?

Калі я быў падлеткам, я слухаў рок: NRM, Краму і ULIS. Дарэчы і ўкраінскіх гуртоў я слухаў шмат, напрыклад, гэта быў гурт Tartak Сашка Палажынскага, які выступаў з цікавым украінскім рэчытатывам, яшчэ я слухаў ТНМК – гэта таксама добры гурт быў. Рэч у тым, што ва Украіне гэта ўсё раней пачала развівацца…

Так, деяким учасникам ТНМК вже 50 років!

Так, і мне падабалася, што ўкраінскія гурты, асабліва Tartak, усё гэта робяць з жывымі інструментамі. То бок, гэта быў рэп, які граўся як рок. Гэта было вельмі цікава. 

Ва ўніверсітэце ты ўсур’ёз зацікавіўся рэпам…

У той час рэп чамусьці мяне захапіў і я пачаў слухаць і заходніх рэпераў – гэта былі і Snoop Dogg і 50 Cent і Eminem. Таксама расейскага рэпу да нас шмат даходзіла… Але мне вельмі спадабалася ідэя беларускамоўнага рэпу – яго амаль што не было, у адрозненні ад року, былі толькі адзінкавыя трэкі і выканаўцы. 

Vinsent на канцэрце ў Мінску, 2012 год

А чым цябе зачапіла гэтая ідэя? Бо здавалася, што ў рускамоўным рэпе ў той час было больш перспектывы ў плане камерцыі.

У плане мовы я зразумеў адразу, што я па-расейску не буду рабіць. Для мяне гэтае пытанне не стаяла, бо я ўжо з 14 гадоў стаў чытаць навіны ў Інтэрнэце і ведаў, што адбываецца ў Беларусі. Я разумеў, хто мы ёсць, якія нашыя сымбалі і мова. І разумеў, што па-расейску нельга рабіць, што гэта нават шкодна.

Нашая рэальнасць такая, што большасць у Беларусі размаўляе па-расейску. І гэта не вельмі добра, але гэта не так шкодна, як рабіць музыку па-расейску, бо потым яна застаецца ў прасторы, у гісторыі. І гэта спрыяе русіфікацыі. Таму такога пытання для мяне ўвогуле не стаяла.

Больш за тое, мне падабалася само гучанне беларускай мовы на бітах. Яна гучала вельмі цікава, незвычайна і свежа. Таму мяне гэтая ідэя вельмі захапіла. Дарэчы, і людзі неяк жыва гэта падхапілі, сталі прыходзіць на канцэрты – пачаліся першыя выступы на журфаку…

Так, узгадваю, на Дне беларускай мовы!

Так-так, і гэта моцна зараджала, бо фідбэк быў такі – прыемны. І пасля гэтага ўсё пайшло адно за адным.

Што б ты параіў тым людзям, якія зараз захочуць рабіць музыку па-беларуску. З чаго пачаць?

Калі ты хочаш пачаць рабіць рэп па-беларуску, табе трэба толькі біты знайсці, калі ты музыку сам не пішаш, ну і студыю гуказапісу. Але зараз гэта ўсё настолькі развіта, шмат ёсць студый, бітмэйкераў, усё гэта ёсць. Ну і трэба пісаць тэксты, але якія парады можна даць па тэкстам… Тут як кажуць, як яно ідзе з космасу, так і запісвай (смяецца). Адзінае, што мне хацелася б, калі б людзі рабілі нешта па-беларуску, то рабілі гэта якасна. 

Дарэчы, калі слухаю твае трэкі на Spotify, старыя і новыя, то звяртаю ўвагу на тое, як якасна ты часам падбіраеш словы. Шмат цікавых словаў па-беларуску, якія класна гучаць і якія хочацца ўжываць. Як маладому аўтару развіць такую мову?

Я з беларусамі размаўляю толькі па-беларуску. Дарэчы, з украінцамі таксама па-беларуску, і яны цудоўна разумеюць. А я ведаю украінскую. Таму для мяне найлепшая практыка – гэта проста размаўляць. А як са словам можна працаваць па-іншаму? Я ведаю, што некаторыя творцы чытаюць слоўнікі, сядаюць і чытаюць кожны дзень. Гэта магчыма развівае, але ў прынцыпе, калі чытаеш беларускамоўную прэсу кожны дзень, і размаўляеш кожны дзень, гэтага дастаткова. Плюс да ўсяго можна чытаць класічную беларускую літарататуру, а таксама сучасную. Таму што рэальна ў нас шмат цікавых аўтараў. Мне, шчыра кажучы, нават бракуе часу, каб чытаць усе літаратурныя навінкі.

Калі мы пачыналі толькі Бэкстэйдж, то новых словаў для мяне было багата, а часам даводзілася нават прыдумляць нешта неіснуючае ў беларуская мове. Напрыклад, мне больш падабаецца казаць “Прывіт” замест “Прывітанне”, магчыма тут рэч у нейкім украінскім вайбе. А часам не хочацца ўжываць нейкае слова, бо яно такое ж як рускае.

Я б наогул не парыўся наконт словаў, падобных на расейскія, бо ўсе славянскія мовы падобныя, проста на маю думку карэнна беларуская, украінская і польская бліжэй адна да адной, а тая ж расейская магчыма больш падобная да балгарскай. Таму гэта ўсё лухта, трэба не баяцца і лупіць нават на трасянцы, як казаў Алег Трусаў, як хочаш, галоўнае па-беларуску. І выдаваць кантэнт па-беларуску – гэта самае важнае. А памылак і крытыкаў не трэба баяцца, у мяне заўсёды такая пазіцыя. Але я таксама лічу, што беларусы, калі яны хочуць звярнуцца да сусветнай публікі, могуць вучыць ангельскую мову і выдаваць песьні па-ангельску. 

Наша місія як медыя – дапамагчы стварэнню беларускай папулярнай індустрыі: у кіно, у музыцы, нават у гумары, магчыма. І зараз багата думаем пра тое, а ці можна стварыць яе за межамі Беларусі, бо сотні тысяч людзей выехалі. На твой погляд, зараз у эміграцыі рэальна зарабляць на канцэртах або стрымінгах?

Я думаю, што рэальна на канцэртах зарабляць. Але гэта напэўна адзінае, што ёсць. Бо на тым жа Spotify гэта зараз вельмі складана, гэта не прыносіць годных заробкаў. 

А з канцэртамі выступаеш зараз?

Я не выступаю, бо чакаю, пакуль набярэцца новая праграма, бо са старой я выступаць не хачу. Але па той пяцёрцы гуртоў, якая зараз актыўна выступае, я бачу, што ў прынцыпе з гэтага можна жыць. Але зноў ж такі, мне б хацелася рабіць якое-небудзь вялікае шоу з відэа, з нейкімі цікавымі фішкамі на канцэртах. А на гэта зараз грошай у беларускіх музыкаў усё ж не хапае.

Давайте перейдемо до блоку кіно. Ти знявся у головній ролі у фільмі “Живе Білорусь”. Як ти прийшов до акторського шляху, як це сталося?

На той час я займаўся ўжо музыкай, гэта быў 2011 год. І адначасова ў Менску адбываліся кастынгі да двух фільмаў – беларускі фільм “Вышэй за неба” Андрэя Курэйчыка і фільм “Жыве Беларусь”. І мне прапанавалі паўдзельнічаць у кастынгу, хаця ў асноўным туды звалі актораў тэатральных, тых жа купалаўцаў. І на дзіва я прайшоў і туды, і туды. Таму давялося ехаць у Варшаву і здымацца ў фільме “Жыве Беларусь!”.

Гэта быў сур’ёзны прадашкшэн, бюджэт фільму быў каля двух мільёнаў даляраў. Па ўзроўні здымак было бачна, што здымаюць галівудскі блакбастар – на здымачную пляцоўку каманда прыяжджала на пяці аўтобусах. Была касцюмная, асобная грымёрка, кабінкі для актораў і нават аўтобус-рэстаран, дзе каманда харчавалася.

У таго ж Курэйчыка на пляцоўцы было нашмат сціплей, але для Беларусі ўсё роўна крута і годна. Усё ж такі трэба разумець, што “Жыве Беларусь” па сутнасьці фільм беларускі, але здымала яго польская каманда, фактычна людзі, якія дзесяцігодздзямі, цэлымі дынастыямі працуюць у кіно еўрапесйкага ўзроўню. А “Вышэй за неба” здымалі беларусы і адпрацавалі вельмі годна пры значна меншым бюджэце.

Афіша фільма “Жыве Беларусь”

Дзе было больш вясёлых гісторый, на здымках “Жыве Беларусь” ці “Вышэй за неба”?

Для мяне на “Жыве Беларусь”, бо там у мяне было больш здымачных дзён, бо была галоўная роля. Тым больш там здымаліся хлопцы з РСП – Дзяніс Тарасенка, Паша Гарадніцкі, якія пад гітару ў гатэлі спявалі песні, так што вясёлая кампанія была.

Узгадаеш якую-небудзь гісторыю?

Калі здымалі “Жыве Беларусь!”, паехалі ў адну польскую правінцыю, каля Магельніцы – мы там здымалі адну старую вайсковую частку. І змены былі вельмі доўгія, па 12-14 гадзін. Вось неяк вяртаемся ў гатэль позна, а рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч кажа: хлопцы, сёння збіраемся ў маім пакоі. Прыйшлі да яго, сядзелі там амаль усю ноч, ужывалі алкаголь у вялікіх порцыях… Паспалі па тры гадзіны рэальна, а раніцай а восьмай ужо першы кадр. Я кажу: “Кшыштаф, ты паглядзі на мяне, як я выглядаю, навошта ты нас учора збіраў?”. А ён адказвае: “Спакойна, такі быў мой плян, я спецыяльна хацеў цябе напаіць, бо мне трэба было, каб ты вельмі дрэнна выглядаў”. Так што, бываюць і такія прыёмы (смяецца).

Дакладна ёсць, што ўзгадаць (смяемся).

Так

Взагалі, наскільки тобі було складно як непрофесійному актору зніматися?

Складана было спачатку. Я не ведаў, як правільна граць, што рабіць у розных сітуацыях, але мне вельмі правільна сказаў купалавец Раман Падаляка, які там таксама здымаўся: “Ды ты не парся, грай як адчуваеш, як сам думаеш”. І пасля гэтага стала нашмат прасцей. Я зразумеў, што ў гэтым няма нейкай там высокай матэматыкі. Я проста канцэнтраваўся на кожнай сцэне. 

Кадр з фільма “Жыве Беларусь”

Ці хацеў бы ты зноў зняцца ў кіно? У якім фільме? 

Я ўжо шмат гадоў не хаджу на ніякія кастынгі, але ўвогуле так, цікава б было. Што б гэта магло быць? Не ведаю, што заўгодна. Калі з класікі ўзяць, таго ж Караткевіча можна экранізаваць вельмі крута. Але напэўна больш за ўсё хацелася б, каб здымалася кіно пра сучаснае: пра маладых людзей у Менску, ці ў Гомелі. Зараз хацелася б бачыць не нешта палітычные, бо гэтага ўжо шмат наздымалі, а простыя ўніверсальныя гісторыі. І каб гэтае кіно было на міжнародным узроўні цікавае. Я ўвогуле люблю фільмы з простымі сюжэтамі – напрыклад, “Каханне” Міхаэля Ханэке – гэта фільм пра двух пажылых людзей, жонку і мужа – і ён яе так кахаў, а яна была хворая… Вы не глядзелі?

Не

Ні

Тады не буду спойлерыць. Там вельмі простая гісторыя пра іх адносіны, але глядзець вельмі цікава. Я вось такія фільмы люблю, універсальныя. Няхай будзе нешта такое, але ў Беларусі. 

Дарэчы ёсць у нас такая вёска Белая Царква – вельмі пейзажнае месца ў Віцебскай вобласці, там яшчэ штогод адбываўся лакальны фестываль – “Справа”. Вёска стаіць на возеры і там ёсць разбураная царква. І я помню гісторыю, што там былі людзі, якія хацелі пасадзіць у той мясцовасці тысячы дрэваў гінкго білоба. Ідэя была ў тым, каб высадзіць іх у знак бясконцасці – васьмёрку, каб яе было бачна нават з космасу. І ёсць хлопец і дзяўчына, якія гэтым займаюцца. Вось гэта была б цікавая гісторыя – не дакументалку, а мастацкае нешта.

Гэта цікавая гісторыя, але б фільм пра хлопца з Беларусі, які пачынае запісваць рэп я б таксама паглядзеў…

Гэта таксама, але на ўнутраный рынак і, мабыць, у будучыні. А зараз хочацца, каб было нешта беларускае, што будзе паказвацца на Венецыянскім ці Канскім фестывалях і цікавае таксама для міжнароднай аўдыторыі.

Плаўна пераходзім да іншай тэмы – кліпмэйкерскай. Заўважылі, што ты у якасці рэжысёра зняў свой новы кліп на песню “Не заўжды”. Чаму вырашыў сам здымаць? І ці ёсць у цябе далей рэжысёрскія амбіцыі?

Першы раз я нешта сам рэжысаваў, калі не ўлічваць мой самы першы кліп, які мы яшчэ на журфаку здымалі – Паша, ты памятаеш, як здымаўся ў маім кліпе?

Так-так, на песню “Працягваю жыць”, нават зараз часам яго пераслухоўваю і сябрам скідваю паглядзець (смяемся)…

Я там сабраў усіх нашых студэнтаў, з кім мы жылі і сябравалі і знялі гэты кліп. Можна сказаць, што я таксама яго рэжысаваў, гэта былі самыя першыя спробы. Але з новым кліпам трохі выпадкова атрымалася – па тэрмінах выйшла так, і наогул я найлепей разумеў, як рэалізаваць гэты сцэнар, я бачыў карцінку кадр за кадрам… Ну і лагічна так атрымалася, што я і рэжысаваў.

Кадр з кліпа на песню “Не заўжды”

Ці задаволены ты вынікам? Здаецца, карцінка атрымалася вельмі якаснай.

Так, я задаволены, бо атрымалася зняць менавіта такую карцінку, як я гэта бачыў. Прычым, я асабліва не гатаваў сябе, хіба што трохі падвучыў, як правільна рабіць раскадроўкі, каб было потым прасцей мантаваць планы. Я зрабіў падрабязны план – і глябальна ўсё атрымалася выканаць, не гледзячы на тое, што мы здымалі толькі адзін здымачны дзень. Але здымалі вельмі доўга: а шостай раніцы быў першы кадр, а скончылі вельмі позна.

Дарэчы, бліжэй да ночы мы здымалі кадры з вогнішчам, дзе я стаю і спальваю чорныя карткі, метафара таго, што спальваю чорныя дні – тое дрэннае, што было ў мінулым. І там была такая тэма, што хлопцы-хэлперы гэта касцёр складалі дзве гадзіны, ён атрымаўся вельмі вялікі. Калі распалілі гэта вогнішча, мы з аператарам пачалі спрачацца: я казаў, што трэба ўжо здымаць, а ён казаў – не, яшчэ рана, трэба каб больш сцямнела. 

Калі нарэшце мы пачалі здымаць, то знялі літаральна пяць хвілін, як гэта вогнішча раптам бух і ўпала. І атрымалася зняць менавіта гэты момант! А так як здымалі на 50 кадраў у секунду, то потым мы гэта запаволілі за 25-ці – і атрымалася вельмі эфектная карцінка, як яно падае. Таму часам бываюць такія моманты, дзе ўсё залежыць не ад людзей, а ад прыроды, ад таго што навокал.

Якія ўрокі ты вынес для сябе са свайго рэжысёрскага досведу? Для маладых фільммэйкераў гэта будзе цікава.

Так, было некалькі важных рэчаў, бо мы здымалі гэты кліп на 50 кадраў, а потым запавольвалі. І я першы раз здымаў такой тэхнікай кліп. А для гэтага песню трэба спяваць у паскораным тэмпе і вельмі важна правільна прагаворваць усе словы, прычым у два разы хутчэй. Бо калі запавольваеш, вельмі моцна бачна, што не трапляеш у музыку. Гэта для мяне было новым.

Яшчэ зразумеў, што вельмі важна звяртаць увагу на дэталі. Напрыклад, у першай сцэне, дзе я выходжу з пакою і адкрываю дзверы, там бачная такая жалезная ручка. Мне яна не вельмі спадабалася і яе прыйшлося выпільваць на постпрадакшэне, але гэта займае шмат часу, таму прыйшлося яе пакінуць. Але мы хацелі паказаць эпоху да электрычнасці – нават у хаце прыбралі ўсе электрычныя прылады: там не было лямпаў і ўсё было зроблена са свечкамі, пры натуральным асвятленні. А ручка атрымалася вельмі сучасная. Таму важна ўлічваць усе гэтыя дэталі яшчэ на здымках, таму што потым гэта можа быць цяжка паправіць.

Наогул рэжысёрская праца яшчэ і ў тым, каб вельмі ўважліва глядзець на кожны кадр, пільнаваць каб асвятляльныя прыборы туды не трапілі. Найлепей, канешне, працаваць з плэйбэкам – вялікім экранам, на якім адразу добра бачны кожны кадр, усе гэтыя дэталі. Бо на месцы гэта выправіць прасцей.

Напрыклад, наш мастак-пастаноўца Макс Крук – вельмі класны спецыяліст, што ён зрабіў? Там у гэтай хаце былі вокны, па якіх было бачна, што яны сучасныя. Дык вось ён пайшоў у будаўнічую краму і купіў там тоненькія дошчачкі, адмыслова іх пафарбаваў, а потым наляпіў на акно, каб яно было больш падобнае на сялянскае акно з папярэчкамі. І ўсё, акно стала не сучасным, а больш старажытным!

Таму на здымках вельмі важна як падрабязны план, хто павінен што рабіць, так і імправізацыя. І калі ёсць правільная каманда, творчыя людзі на пляцоўцы, яны гараць гэтай справай і ім не трэба нічога казаць яны самі зробяць як найлепш.

У твоєму кліпі герої дарують один одному детальки Lego. Я зрозуміла цю метафору, наче це речі, які підтримують тих, хто далеко від дому. А що для тебе було такими деталями, коли ти виїхав із Білорусі? 

Пра дэталькі ў нас была ідэя такая: калі я з акторамі працаваў, то казаў: вось табе даюць дэтальку Lego, але насамрэч гэта павінен быць вельмі каштоўны падарунак для цябе. Вайскоўца я прасіў уявіць, што гэта дарагі швейцарскі гадзіннік Tissot, а дзіцёнку я казаў уявіць, што гэта вельмі цікавая цацка, якую ён хацеў. Гэта былі падарункі, але метафарычныя падарункі.

А што да мяне, то ў эміграцыі я зразумеў, што самае важнае – гэта людзі. Сумуеш і па канкрэтных нейкіх месцах, канешне, але не хапае перш за ўсё кантакту з блізкімі людзьмі і сябрамі, бо гэта стварае атмасферу. 

Кадр з кліпа на песню “Не заўжды”

Што б ты параіў маладым людзям, якія нешта хочуць ствараць па-беларуску, як у Беларусі, так і ў замежжы?

Трэба разумець, якая ў нас звышмэта, дзеля чаго мы ўсё робім. Калі мы ствараем штосьці па-беларуску: пішам музыку ці здымаем кіно, то гэта наш унёсак у будучыню – у нармальную краіну і нармальную дзяржаву. Толькі там мы можам быць шчаслівымі на сто адсоткаў, я лічу. 

Таму, хоць гэта і складана, трэба старацца і нешта рабіць. Калі нешта ўжо нарадзілася ў тваёй галаве – песня беларускамоўная, ці фільм, трэба гэта рэалізаваць, каб яно было даступнае людзям. Трэба шукаць фінансаванне і абавязкова аднадумцаў – ідэйных людзей, якія дапамогуць гэта здзейсніць.

Нават калі вы хочаце мець сусветную кар’еру – напрыклад, рабіць нешта па-ангельску, то калі ласка. Калі ёсць такія амбіцыя, гэта трэба рабіць і развівацца. Але і для Беларусі трэба рабіць, бо гэта толькі наша задача і ніхто за нас яе не зробіць.

Backstage Беларусь

Рэдакцыя

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у Берліне: 10 тэзісаў пра падзею

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у Берліне: 10 тэзісаў пра падзею

Аўтарка Backstage і кінакрытык Алёна Сойка паглядзела 71 стужку доўгага…

Type your search keyword, and press enter to search