Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Скарбонка беларускага кіно. “Акупацыя. Містэрыі” – культавы фільм, які быў забаронены ў Беларусі, бо вычышчае савецкія штампы пра вайну

2 чэрвеня, 2023

“Акупацыя. Містэрыі” – мастацкі фільм рэжысёра Андрэя Кудзіненкі паводле сцэнарыя Аляксандра Качана, які выйшаў у 2004 годзе. Фільм – складаны, спрэчны, але ён не губляе сваёй актуальнасці. Магчыма, нават сёння ён успрымаецца яшчэ больш ашаламляльна – і такое кіно ў нас здымалі? 

Кудзінененка не проста зняў сучасны беларускі фільм, вычысціўшы з гісторыі савецкія штампы, ён зрабіў куды больш важную рэч: тут сапраўды гучыць наш голас – беларускі. 

Ісці не ў нагу з калектывам, не прытрымлівацца галоўнай лініі партыі  – не ў правілах мінкульта, таму фільм забаронены быў аж на 6 год. Партызаншчына і акупацыя – як стыль жыцця, Штыркін як здзек над “светлым вобразам старэйшага брата”  – паспрабуем разабрацца з галоўнымі тэмамі і асаблівасцямі гэтай важнай стужкі.

Гэты фільм Кудзіненка пачаўся з невялікай кароткаметражкі “Партызанская містэрыя”, якая была знята ў 2001 годзе сумесна з мінскай студыяй “Навігатар”. Яна была паказана на Ратэрдамскім фестывалі, спадабалася экспертам – яны і выдзелілі беларускім фільммэйкерам грант на стварэнне поўнага метра. Так і атрымалася, што генеральным партнёрам праекта стаў галандскі фонд Hubert Bals Fond.

Сам рэжысёр у інтэрв’ю Максіму Жбанкову так пра гэта расказвае: “Першы эпізод быў зроблены ў лютым – маі 2001 года. Мы тады знялі некалькі рэкламных ролікаў, і з’явілася ідэя зрабіць маленькі фільм. Усё гэта адбывалася на фоне стварэння карціны “У жніўні 44-га”. Так з’явілася наша кароткаметражка, якая зацікавіла розных людзей, і мы пачалі думаць аб тым, як зрабіць поўны метр”.

Стужка Міхаіла Пташука тут, дарэчы, згадваецца не выпадкова: у Кудзіненкі з камандай было жаданне крыху пажартаваць над, скажам так, асноўная тэмай Беларусьфільма – студыяй, якую ў народзе даўно ўжо называюць Партызанфільм.

Поўны метр выйшаў у 2004 годзе і ўдзельнічаў ужо ў асноўнай праграме Ратэрдамскага фестывалю. Праўда, у Беларусі доўгі час быў забаронены. Фармуліроўка Мінкульту выглядала так: «Трактоўка партызанскага руху ў фільме супярэчыць праўдзівай праўдзе, можа абразіць пачуцці ветэранаў вайны і аказаць негатыўны ўплыў на выхаванне падрастаючага пакалення».

Тры мінімалістычныя навелы, звязаныя паміж сабой аднымі і тымі ж героямі, сапраўды аніяк не ўпісваюцца ў традыцыйны падыход да адлюстравання гераічнага мінулага. Рэальнасць тут выглядае вельмі драматычна, бо пазбаўлена ўсялякай гераізацыі.

У першай гісторыі  “Адам і Ева” мужчыны здраджваюць партызанскаму руху, каб бавіць час з польскай жанчынай, у другой “Маці” – глуханямая  пасля гібелі свайго дзіцяці выходжвае маладзенькага фашыста: у прамым сэнсе корміць яго груддзю. А ў трэцяй, самай жорсткай, партызаны вельмі брудна падманваюць хлопчыка Юзіка, каб з яго дапамогай дабрацца за таго, каго яны лічаць здраднікам. Дарэчы, у тым жа інтэрв’ю, якое мы тут ужо цытавалі, рэжысёр кажа, што на добрым фінале вельмі настойваў акцёр-“тата” і кампазітар. Але Кудзіненка прынцыпова быў супраць! 

Што тут важна падкрэсліць? Папрок у стварэнні нейкай альтэрнатыўнай карціны вайны – па сутнасці вечны твой спадарожнік, калі ты за гэтую тэму бярэшся. Творчая біяграфія Васіля Быкава таму самае яскравае пацвярджэнне. У класіка беларускай літаратуры проста быў не той салдат, не тая акопная праўда, а тут  – не тыя партызаны. Адметнасць фільма Кудзіненка ў тым, што з гістарычнай памяццю ён працуе не як са штампам, наадварот, няхай дзесьці і досыць адыёзна, але ён выводзіць яе з постсавецкага наратыву.

Партызанская тэма становіцца нарэшце не савецка-беларускай, а прынцыпова толькі беларускай, ператвараецца ў частку нацыянальнай самасвядомасці.  Партызаншчына тут – не проста відавочна важнае мінулае, пра якое трэба і помніць, і рэфлексаваць, гэта яшчэ для рэжысёра спецыфічны анталагічны стан беларускага народа.  

Гэта ўжо не толькі кіно пра вайну, калі хочаце – пра нас цяперашніх. І тут, як заўсёды, не бывае добрых і дрэнных. Мабыць, таму самы драматычны эпізод фільма, дзе адзін беларускі партызан забівае другога. Бо першы супраць камуністычнага рэжыму, а другі за савецкую ўладу!

Партызаны – гэта не адзіная своеасаблівая анталагічная сутнасць беларусаў у гэтым фільме. Другой важнай часткай гэтай свядомасці з’яўляецца  акупацыя. Канешне, не тая прамая, пра якую непасрэдна ідзе гаворка: падзеі ў фільме адбываюцца ў Заходняй Беларусі ў 1942 годзе. 

Увогуле, фільм вельмі вербальны: часам здаецца, што слухаць тут больш важна, чым глядзець. 

Стужка невыпадкова пачынаецца з размовы дзвюх беларусаў, якія сталі паліцаямі. Адзін шчыра прызнаецца, што пасля вайны хацеў бы навучыцца здымаць кіно. Суразмоўца цікавіцца іранічна, якое кіно ён сабраўся здымаць: Нямецкае? Ці можа быць, савецкае?

— Наша кіно. Беларускае 

— Гэта ты дурань, Пятро. Няма ніякага беларускага кіно і не будзе ніколі. 

Па-першае, такая сумная пасхалка, бо пагадзіцеся: пытанне “а ці існуе беларускае кіно” дагэтуль актуальна. Па-другое, мы, канешне, разумеем, што гаворку гэтую трэба ўспрымаць значна шырэй. Размовы далей гэта толькі пацвярджаюць. 

Як адбываюцца зносіны беларускамоўнага юнака Адама і чырвонаармейца з Масквы Сяргея Штыркіна? У апошняга няма для Адама ніякага іншага звароту, акрамя як “деревня”. Юнак нават як быццам на гэта не зважае – тыпу ну вось так яно, чуў не раз, пачую яшчэ. 

Ці вось такі эпізод. Там ужо Штыркін размаўляе з беларусам Лойка (“партызан у чацвёртым пакаленні), які распавядае, як яго дзед пайшоў ваяваць да Каліноўскага ў полк. Чырвонаармеец задае пытанне: 

— А супраць каго ваяваць? 

– Дык супраць маскалёў.

Штыркін – гэта па сутнасці такое яскравае ўвасабленне савецкага касмапалітызму, за якім хаваецца банальная немагчымасць успрымаць чужы досвед, тыпічная імперскаць, якая не мая жадання даваць іншаму права быць сабою. 

І тут, пры такой канцэнтрацыі сэнсу, да рэжысёра ёсць толькі адна прэтэнзія. Кудзіненка нібыта баіцца, што мы, гледачы,  усю гэтую трагічнасць гістарычнага існавання беларусаў, самі не счытаем. Таму амаль што ў лоб пра гэта кажа адразу, паказваючы напачатку фільма вось такія застаўкі. З застаўкамі там увогуле бяда: папраўце мяне, але я шчыра не разумею, навошта там яшчэ і цытаты с Бібліі! 

У фільме проста неверагодны акцёрскі каст. Колбышаў, Кот, Малчанаў, Зелянкоўская, Сідарава, Курэйчык (роля нямецкага салдата) і неверагодны Ігар Пстыга, які сыграў хлопчыка Юзіка ў апошняй навеле. Не хочацца тут казаць банальнасці, але гэта акцёры, якія могуць упрыгожыць фільм любога самага крутога заходнееўрапейскага рэжысёра, прэзентацыя стужкі якога будзе адбывацца на Каннскім кінафестывалі. 

Сам Кудзіненка вось што расказвае пра падбор: “Калі Колбышаў прачытаў сцэнар, адразу сказаў: «Яго гуляць буду я. А калі не, сапсую вам жыццё!» А Кот ішоў па калідоры выпадкова! Мы планавалі на гэтую ролю іншага акцёр, але ён прачытаў і адмовіўся з-за рэлігійных меркаванняў. Доўга не маглі нікога знайсці. І тут Кот ідзе па калідоры. Калі вусы прыляпілі (ён сам прыдумаў), усе былі ў шоку – выява атрымалася!”

Зелянкоўскую рэжысёру параіў мастак кіно Ігар Хруцкі, хаця сцэнарыст пісаў пад іншую актрысу. Шмат акцёраў, дарэчы, параіў Курэйчык – напрыклад, неверагодную Алёну Сідараву, якая выканала ролю глуханямой маці ў другім эпізодзе.

Я ўжо пісала, што гэта найперш вельмі вербальнае кіно. Тут вялікую ролю іграюць і дыялогі, і тое, што героі размаўляюць на розных мовах у прамым сэнсе. Гэта, канешне, не выпадкова і мае важнае значэння для ўспрымання той праблематыкі, пра якую кажа рэжысёр. Ідэя, з якой ён працуе, настолькі важная, што ён намагаецца як быццам ні на што не адцягваць ні сваю, ні нашу ўвагу. Візуальна мы маем такую быццам занадта шэрую пажухлую карціну без каляровай гамы, глыбіні і аб’ёму ў перадачы святла і цені. Але такі дэфіцыт выглядае як творчы метад: нічога лішняга, ідэя перад усім. Яшчэ фільм вельмі напамінае рэжысёрскія працы маладога Пазаліні, такія як  “Акатоне”, “Мама Рома” ці “Птушкі вялікія і малыя”.

Пра гэту сувязь, дарэчы, кажа і сам рэжысёр.

Важна таксама адзначыць аператарскую працу Паўла Зубрыцкага, які да “Містэрый” працаваў з Кудзіненкам над фільмам “Бітва пяці воінстваў”, а пасля над хорарам “Масакра”.

У першай частцы – камера быццам трэці ў гэтым добраахвотна-прымусовым атрадзе, таму нам так няўтульна, бо нас прымушаюць адчуць, як з’яўляюцца тут усё новыя Адамы. 

Ці вось у другой навеле камера хаваецца дзесьці за дрэвам, яна стараецца як мага больш інтымна здымаць тое, што бачыць: таму ў кадр часта пападаюць зімовыя, прыпарушаныя снегам галінкі. 

Драматычнасць падкрэсліваюць безштатыўныя здымкі з трывожнай мітуслівай рукой, але калі трэба – аператар упэўнена бярэ буйны план, як напрыклад, неверагодны ведзьмінскі погляд Зелянкоўскай  ці твар паліцая Пятро, калі той разумее, што зараз з ім зробіць партызан Лойка. 

Нельга не адзначыць музыку Андрэя Волкава – гукарэжысёра, у якога тут адбыўся кампазітарскі дэбют. 

Хаця як кажа Кудзіненка, спачатку напісаная музыка не падыйшла, была змрочнай, занадта давіла. Але ў працэсе ўсё склалася – Волкаў дабавіў тых самых вестэрнскіх матываў Марыконе, пра якія марыў рэжысёр. І адчуванне быццам часам гэта нейкі такі варыянт фільма Сержыа Леонэ добра працуе, бо Кудзіненка важна і паказаць рэалістычнасць, але і адцягнуць нашу ўвагу ад яе ў самыя прынцыповыя з пункту гледжання ідэі моманты.

***

Што б там у свой час ні казаў мінкульт, “Акупацыя. Містэрыі” – гэта найперш антываеннае кіно, патрэбнае кіно, якое кажа, што любая вайна – жорсткая, невыносная рэальнасць, якая расчалавечвае. Тое шэрая палатно, якое было створана, разбаўляе толькі некалькі яркіх плямаў: палоска на шапке Штыркіна, шрам у немца, клякса на бінтах “здрадніка”. Ўсё гэта чырвонае, усё гэта пра кроў! 

Па сутнасці так і трэба: любы добры мастацкі твор павінен убіраць у сабе шмат чаго, не несці адну скразную лінію, быццам гэта партыйная ідэалогія. Ну і  не магу не адзначыць, што гэта яшчэ вельмі кінаманская стужка. Яна і пачынаецца з размовы пра кіно, там Пятро яшчэ вельмі шчыра прызнаецца ў любві да актрысы Арловай, а Сцяпан наадварот кажа, што яна гаўно і голас яе такі ж. 

Ці калі два немцы едуць на матацыкле, яны таксама спрачаюцца пра актрыс. Што вось, маўляў, Вольга Чэхава і Марыка Рёкк няхай і не арыйкі, але падтрымліваюць Трэці Рэйх. А Марлен Дзітрых проста падсцілка амерыканская. Ці вось хлопчык Юзік, калі запускае патэфон, каля яго стаіць невялічкая фотакартка Дзітрых. А музыка, якая вяртае нас да канкрэтных фільмаў. Карацей, безліч асацыяцый і ўспамінаў! Усе гэта такія невялічкія пасхалкі, якія проста кажуць пра вялікую любоў да кіно.

Здаецца, толькі калі яго шчыра любіш, то і ёсць сэнс ім займацца!

Article Tags
Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
“Чырвоны верас”: галоўныя стужкі, якія былі адзначаны на кінапрэміі. Дзе іх паглядзець?

“Чырвоны верас”: галоўныя стужкі, якія былі адзначаны на кінапрэміі. Дзе іх паглядзець?

Сёлета ў кароткім спісе беларускай прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас” шмат…

“Нам хочацца адчыняць дзверы для ўсіх таленавітых людзей”. Як беларускі здымаюць фільмы, ствараючы арт-праект, прысвечаны праблемам сучаснай Беларусі

“Нам хочацца адчыняць дзверы для ўсіх таленавітых людзей”. Як беларускі здымаюць фільмы, ствараючы арт-праект, прысвечаны праблемам сучаснай Беларусі

«Рэвалюцыя» — арт-праект, створаны рэжысёркай Дар’яй Брыян і прадзюсаркай Марыяй…

Type your search keyword, and press enter to search