“Чырвоны верас”: галоўныя стужкі, якія былі адзначаны на кінапрэміі. Дзе іх паглядзець?
Сёлета ў кароткім спісе беларускай прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас” шмат…
Марыя Крук кажа: “Калі пачалася рэвалюцыя ў Беларусі, апроч таго, што трэба было дапамагаць і рабіць што можаш, мне яшчэ вельмі хацелася стварыць творчы праект пра гэтыя падзеі”.
У Мінску яны з Дар’яй Брыян і зрабілі свой першы фільм “0908”.
Потым з Марыяй здарыўся крымінальны пераслед, Дар’я таксама з’ехала з Беларусі, дзяўчаты сустрэліся ўжо ў Варшаве і вырашылі дарабіць постпрадакшн, тады ж і з’явілася ідэя сварыць цэлы цыкл у падтрымку беларускіх пратэстаў.
Для аўтарак праекту вымушаная эміграцыя патрабавала нейкага выхаду, куды можна было б сублімаваць траўматычны досвед:
“Гэты праект стаў у тым ліку нашай магчымасцю працягваць своеасаблівую барацьбу, падтрымліваць мастакоў Беларусі, казаць пра тое, што адбываецца ў краіне, даваць больш кантэксту еўрапейскай супольнасці, а таксама аб’ядноўваць беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі краіны”.
Першапачаткова ідэя і праўда круцілася выключна вакол беларускай рэвалюцыі.
Напрыклад, “1406” – пра калекцыю, сабраную Белгазпрамбанкам, якім кіраваў Віктар Бабарыка. Стужка “128” пра галоўныя апоры рэжыму: спецназаўца, настаўніцу, прапагандыста дзяржаўнага тэлебачання і, вядома ж, – самаабвешчанага прэзідэнта. “1991” – пра забастоўку працоўных, якая так паўнавартасна і не адбылася.
Палітычная актуальнасць сімвалічна падмацоўваецца лічбамі – важнымі, няўмольнымі ці проста дзіўнымі з пункту гледжання закальцоўвання гісторыі.
14.06 – гэта дата, калі карпаратыўная мастацкая калекцыя банка была арыштавана. Непазбежнасць адказнасці ў іншай стужцы трымаецца на падмурку 128 артыкулу крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – злачынствы супраць чалавечнасці. 1991 год сімвалічна, калі ўдумацца, рыфмуецца з 2020: агонія СССР і у той час прывяла беларускіх працоўных на плошчу.
“Спачатку і мая асабістая матывацыя была ў тым, каб зрабіць прадукт, прысвечаны падзеям у Беларусі! Потым мы проста працягнулі рабіць тое, што было для нас важна, пра тое, што ў нас баліць, пашыраючы кантэкст тэм”, – кажа Марыя.
Сярод тэм, якім, напрыклад, прысвечаны больш познія працы, – жаночае цела, якое перманента існуе ў межах гвалту і аб’ектывізацыі; лгбт-эмігранты, якія з-за сваёй арыентацыі сутыкаюцца яшчэ і з дыскрымінацыяй, гамафобіяй, трансафобіяй; ментальныя хваробы і спробы жыцця з імі. Ёсць зняты перфоманс, які разважае пра страшныя падзеі 2022 года – пачатку паўнавартаснай вайны Расіі супраць Ўкраіны.
З іншага боку, моцная метафарычнасць як база, на якой існуе праект, і першыя выпускі лёгка дазваляе глядзець не толькі беларусам.
Тут, вядома, нельга не адзначыць серыю пра ідэальнага жыхара рэспублікі, лічы – увогуле чалавека ў рамках аўтарытарнага існавання, вобраз якога будзе зразумелы любому, хто чытаў Оруэла. Ярка і жудасна намаляванае “вялікае” вока – гэта даволі празрыстая адсылка.
Ці фільм пра калекцыю карцін, дзе пад гвалтаванне адбываецца жудасная мастацкая трансфармацыя. Зразумела, што для беларусаў “Ева” ужо ніколі не будзе проста шэдэўрам Хаіма Суціна, але і для іншых сэнс мастацтва, якое нічога не можа парабіць са злом, тут не губляецца.
Вельмі добра на такую ўніверсальнасць, дарэчы, працуе і сам фармат. Стужкі, канешне, добра глядзяцца як паўнавартаснае арт-кіно, якое лёгка можна паказваць на фестывалях.
Здымкі фільма “1982”
Але, як адзначае Дар’я, для яе гэта найперш галерэйнае мастацтва:
“Нашыя фільмы вельмі добра працуюць у кантэксце, напрыклад, поўнай экспазіцыі, дзе ёсць іншыя працы, якія дапаўняюць асноўную думку. Гэта дазваляе гледачам не проста візуальна пачуць, убачыць нейкае маленькае відэа з нейкім пэўным пасылам, выстава таксама дае магчымасць пагрузіцца ў гэтую тэму грунтоўна. Бо ў межах экспазіцыі ёсць яшчэ фотаздымкі, гукавыя інсталяцыі, каб гэта быў сапраўдны full experience у галерэйнай прасторы”.
Сапраўды, калі апусціць актуальнасць і важнасць любой з прадстаўленых у праекце тэм, галоўнае, на што яшчэ звяртаеш увагу, – візуальнасць як рухавік гісторыі.
Дар’я кажа, што гэта найперш звязана з яе рэжысёрскім бэкграўндам. Яна часцей працавала з эксперыментальнымі відэа фарматамі, будуючы гісторыі праз прызму запамінальных вобразаў.
“Я ў прынцыпе, напэўна, не ўмею паказваць гэта ўсё літаральна, нават калі мы здымаем дакументалкі, яны ўсё роўна не атрымліваюцца асабліва класічнымі”.
Былога старшыню страйкама трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага Брыян літаральна змяшчае ў макет “праца-дом-праца” – існавання, да якога так доўга прывучала завадчан сістэма.
Альбо ў фільме “МКБ-11” важнае месца займае не толькі маналог гераіні пра панічныя напады, але і развешаныя, нібы кітайскія ліхтарыкі, цэлафанавыя пакеты як адзін са шляхоў нейтралізацыі прыступу.
І гэта добра працуе. Док у такім выпадку зрабіў бы аўтара закладнікам наратыву, якога трэба неадступна прытрымлівацца. Тут жа чужыя вобразы і імпульсы даюць нам прастору знайсці свае. Мастацкае пераасэнсаванне вяртае ў ліпкі стан сну, дзе дзіўным чынам знаходзяцца новыя сэнсы ў той рэальнасці, да якой чалавек ужо прывык, бясконца гартаючы тыя ж тэлеграм-каналы.
“Мне здаецца, працы, якія дзейнічаюць на эмоцыі, якія працуюць праз асацыяцыі і вобразы, часта здольныя ўчапіць нешта ўнутры гледача. Глядач сам пачынае ўсё з сябе даставаць, пераасэнсоўваць. Узнікае і сувязь з творам, і з падзеямі. Эмпатычнасць да дакументальнага твору часта ўзнікае за кошт таго, што ты там таксама быў, ты гэта бачыў. Арт як эмыцыйная штука можа крыху глыбей у цябе залезці, запускаючы механізм вызвалення пачуццяў і думак. Там няма адказаў на пытанні, ты сам шукаеш гэтыя адказы”, – кажа рэжысёрка.
Яшчэ не магу не адзначыць, як добра і якасна рэалізаваны праект.
Па словах прадзюсаркі Марыі, “Даша проста хацела зрабіць нешта клёвае, а я разумела, якім чынам гэта можна рэалізаваць – рэальна не маючы ў першы час нічога”.
Марыя адразу паставілася да гэтай працы як да сур’ёзнага прадакшэна:
“Мы набралі каманду, я наладзіла прадакшн-працэсы, мы з Дашай падзялілі абавязкі, хоць зразумела, што спачатку гэта было бясплатна і больш на натхненні ідэяй. Што да бюджэтаў, мусіць, першыя паўгады мы ўкладвалі свае грошы з Дашай. У нас яны яшчэ тады былі, і мы нават умудраліся здымаць фільмы за 300 даляраў. Мы так першыя 4 фільмы і знялі. Проста ўсё, што можна было знайсці бясплатна, мы знаходзілі. Калі ў цябе ёсць план і вялізнае жаданне, дамоўленасці, знаёмствы, рэкамендацыі і дапамога – абавязкова знаходзяцца”.
Аўтаркі “Рэвалюцыі” хочуць працягваць рабіць не толькі фільмы і выставы, але і арганізоўваць рэзідэнцыі для мастакоў, мець сваю творчую прастору.
“Нам хочацца адчыняць дзверы для ўсіх таленавітых людзей, якім прыйшлося ўцякаць ад сваёй краіны і адстойваць сваё права на творчасць. Мы хацелі б, вядома ж, аблегчыць ім гэты шлях, каб у нас была такая магчымасць прадастаўляць ім месца для працы, рабіць рэзідэнцыі і дапамагаць інтэгравацца ў культурны свет той краіны, у якую яны прыехалі”, – кажуць яны.
Backstage.Belarus
Сёлета ў кароткім спісе беларускай прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас” шмат…
“Акупацыя. Містэрыі” – мастацкі фільм рэжысёра Андрэя Кудзіненкі паводле сцэнарыя…