Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Скарбонка беларускага кіно. “Возера радасці” – шчырае, прыгожае і вельмі моцнае кіно, знятае па-беларуску, у Беларусі і для беларусаў

14 ліпеня, 2023

У фільме Аляксея Палуяна дзевяцігадовая Яся драматычна перажывае смерць маці. Тым часам бацька адпраўляе дачку ў інтэрнат: у яго новая сям’я. Але аднойчы дзяўчынка збягае, каб вярнуцца дадому і адказаць самой сабе на галоўнае пытанне.

“Возера радасці” –  гэта адна з самых тытулаваных кароткаметражак беларускага кіно. Карціна патрапіла ў лонг-ліст кароткаметражнага “Оскара” у 2021 годзе, а таксама стала кандыдатам на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі. 

Літаратурная аснова стужкі – аднайменны раман беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча. Больш за тое, для рэжысёра гэтая гісторыя мае асабісты характар: бацька Палуяна, як і Яся, таксама выхоўваўся ў інтэрнаце. 

Гэта досыць вольная інтэрпрэтацыя, якая і не можа быць іншай, улічваючы, што сам Марціновіч Ясе прысвяціў цэлы раман. Тое ж возера радасці ў стужцы Палуяна мы так і не ўбычым. Збольшага яно тут і не патрэбна, з’яўляючыся па сутнасці матафарай жыцця-барацьбы. Пра гэта вельмі трапна піша сам Марціновіч: “Возера радасці тут, недзе зусім побач. Трэба проста не здавацца і веславаць”.

Хоць сярод актораў фільма ёсць знакамітасці як Алена Зуй-Вайцехоўская  – выканаўца песні пра “Шчучыншчыну”, або Дзяніс Тарасенка – саліст “Разбітага сэрца пацана”, але галоўная зорка тут – Анастасія Пляц, якая іграе ролю Ясі.

Палуян пра яе расказвае так: “Мне пашчасціла сустрэць Насцю Пляц у магілёўскім інтэрнаце. Яна паверыла мне і прыадчыніла часцінку свайго глыбокага свету”. Гэта было важна, бо фільм – драма аб моцным чалавеку, які ў дзевяць гадоў адважваецца будаваць свой шлях самастойна.

Праца Палуяна – квінтэсэнцыя еўрапейскага кіно, але гэта беларускае кіно, знятае па-беларуску, у Беларусі і для беларусаў. Еўрапейскі падыход тут у тым, што менавіта візуальная мова іграе больш важную ролю, чым словы. Так як быццам склалася, што на постсавецкай прасторы вельмі важна, каб героі шмат і многа казалі. У Палуяна больш маўчаць, тут прырода, тут рэчы, тут позіркі выкрышталізоўваюць сутнасць рэжысёрскай працы.

Больш за тое, гэта магчымасць у чарговы раз убачыць, якая прыгожая ў нас краіна, якая яна аўтэнтычная. Здымкі фільма праходзілі ў Ляхавіцкім раёне – вёсках Востраў, Альхаўцы, Ліпск і Любейкі. У Любейках Аляксей Палуян здымаў і сваю стужку “Край жанчын” – пра лёсы чатырох бабуль, якія засталіся дажываць век у родных мясцінах.

Гэтую прыгажосць таленавіта фіксуе іранскі аператар Бехруз Карамізадэ. Камера спакойна здымае доўгімі планамі тое размеранае жыццё Беларусі, дзе час застыў і ёсць толькі быццё, супраць якога так настойліва і смела выступае маленькая дзяўчынка. 

Фільм можна паглядзець на платформе Vodblisk – прамую спасылку на яго пакідаем тут.

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”

“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”

Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Type your search keyword, and press enter to search