Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Першы нефармальны з’езд незалежных беларускіх кінематаграфістаў пройдзе ў Варшаве

5 ліпеня, 2023

Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) ладзiць гэтае мерапрыемства з 18 па 20 жніўня з мэтай аб’яднання беларускіх фільммэйкераў у адзіную супольнасць для далейшай працы над стварэннем агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно.

Мерапрыемства адбудзецца ў фармаце BarCamp – своеасаблівай анты-канферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначаюць самастойна: можна прапанаваць тэму для абмеркавання i ўдзелу у працы секцый.

BFN спадзяецца, што івент дапаможа беларускім кіношнікам абмяняцца досведам, а таксама знайсці падтрымку для сваіх праектаў. 

“Адзінае патрабаванне – быць гатовым да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах з’езда”, – кажуць арганізатары.

Чакаецца, што з’езд наведаюць акрэдытаваныя журналісты, прафесіяналы кінаіндустрыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый у сферы кінавытворчасці.

Паводле слоў арганізатара, фармат BarCamp будзе спрыяць стварэнню асаблівай творчай атмасферы. 

“Гэта найбольш эфектыўны падыход, каб выпрацаваць дзейсную мадэль для нашай супольнасці. Паводле вынікаў унутранага апытання больш за 100 беларускіх кінематаграфістаў, асноўная праблема для іх – складанасці ў наладжванні сувязяў, дэфіцыт так званага нетворкінгу”, – кажа кіраўнік праекту прадзюсар Леанід Каліценя.

Па яго словах, каля 87% апытаных фільммэйкераў жадалi б часцей абменьвацца досведам з беларускімі калегамі, а амаль 95% з іх не хапае зносін з прадстаўнікамі замежнай кінаіндустрыі. 

“Менавіта таму мы даем гэтую магчымасць, якая будзе першым крокам да фарміравання нашай кінаіндустрыі і да пашырэння доступу на сусветны рынак для беларускіх кінематаграфістаў”, – адзначае ён.

Пасля правядзення прафесійнага адбору ўдзельнікаў, BFN зробiць усё магчымае для забеспячэння візавай падтрымкi, возьме на сябе выдаткі на пражыванне, харчаванне, а таксама трансфер прыкладна 30 удзельнікаў з Беларусі і іншых краін. Дадаткова арганізатары разлічваюць на ўдзел яшчэ гэткай жа колькасцi беларускіх кінематаграфістаў, якія жывуць у Варшаве, а таксама на дапамогу валанцёраў. 

Для ўдзелу трэба падаць заяўку да 16 лiпеня ўключна. Пра вынікі адбору арганізатары паведамяць не пазней за 20 лiпеня ўключна. 

Нагадаем, што Belarusian Filmmakers’ Network – гэта нефармальная ініцыятыва, накіраваная на развіццё беларускага незалежнага кіно, яго прасоўванне ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама ўключэнне айчынных аўтараў у глабальны індустрыяльны кантэкст.

Backstage будзе прысутнічаць на з’ездзе і распавядзе самае цікавае – сачыце за абнаўленнямі на сайце і ў нашым Instagram.

Павел Пяцько

Backstage.Belarus

Related article
Мой першы кінафэст у Нью-Ёрку: як гэта было

Мой першы кінафэст у Нью-Ёрку: як гэта было

Аўтарка Backstage Марыя Канаваленка схадзіла на New York Film Festival…

Рэжысёр Аляксей Палуян: “Ёсць некаторыя людзі, якія будуюць ілюзіі. Яны зацыклены на тым, каб шукаць нейкую ідэальную канцэпцыю, замест таго, што трэба здымаць кіно”

Рэжысёр Аляксей Палуян: “Ёсць некаторыя людзі, якія будуюць ілюзіі. Яны зацыклены на тым, каб шукаць нейкую ідэальную канцэпцыю, замест таго, што трэба здымаць кіно”

“Возера радасці” і “Смеласць” – два фільмы Аляксея Палуяна, якія…

Мікіта Лаўрэцкі: “Я сноб, які не жадае здавацца снобам, жадае ўсім падабацца. Няўпэўнены ў сабе сноб – так наогул можна апісаць незалежнага рэжысёра”

Мікіта Лаўрэцкі: “Я сноб, які не жадае здавацца снобам, жадае ўсім падабацца. Няўпэўнены ў сабе сноб – так наогул можна апісаць незалежнага рэжысёра”

Аўтарка Backstage Алёна Сойка паспела злёту пасварыцца і гэтак жа…

Type your search keyword, and press enter to search