Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” у Берліне: 10 тэзісаў пра падзею

21 лютага, 2024

Аўтарка Backstage і кінакрытык Алёна Сойка паглядзела 71 стужку доўгага ліста прэміі “Чырвоны верас”, а пасля з’ездзіла на цырымонію ўзнагароджання ў Берлін. Зараз дзеліцца сваімі думкамі: чаму прэміі – гэта важна і хто можа скласці канкурэнцыю Мікіце Лаўрэцкаму.

1. Прэмія “Чырвоны верас” існуе не першы год. Але калі ўзнагароджанне праводзіцца, як гэта заведзена, канешне, яно ўразаецца ў памяць, становіцца важнай культурніцкай падзеяй. І падзея гэтая — як тыя класныя жывыя паляроіды з сямейнага свята, якія ты будзеш пераглядаць яшчэ не раз пасля.

Мне здаецца, пра гэта — кожны на свой лад — казалі і лаўрэаты мінулага года рэжысёры Максім Швед і Улада Сянькова: у іх такога свята не было. Але будзем спадзявацца, што яшчэ будзе. Галоўнае – здымайце кіно, сябры, ваша кіно нам вельмі патрэбна!

2. Ірэна Кацяловіч, Тарас Тарналіцкі і каманда прэміі зрабілі каласальную працу, каб адбылася гэтая падзея. Можна толькі здагадвацца пра маштаб намаганняў, якія трэба было прыкласці, каб гэта ажыццявіць. І тут — толькі захапленне ў квадраце і шчырае дзякуй!

3. Некалі ўзнагарод ўручалі дырэктар Еўрапейскага кінарынка Дэніс Ру, генеральны сакратар FIPRESCI Кляус Эдэр, прадстаўнікі партнёраў прэміі Марк-Андрэ Шмахтэль ад Goethe-Institut у Exile і Аляўціна Снігір ад The German Marshall Fund of the United States. Fund for Belarus Democracy.

Гэта фундаментальна не пра тое, што талент і дасягненні існуюць толькі ў межах прэмій і знакавасці тых ці іншых фігур, якія ўручаюць узнагароды. Для мяне гэта найперш пра ўбудаванасць, якая ў такім працэсе як кіно вельмі важная: паступальная інтэграванасць дае перспектывы, кропкі росту і магчымаць не губляцца.

4. У трох катэгорыях сёлета па два пераможцы.

“Найлепшы сцэнар”: Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм “Ператрымка”; Уладзімер Казлоў за фільм “Лета 1989”

“Найлепшы дакумэнтальны кароткамэтражны фільм”: “Маладосьць па-беларуску” Ксеніі Галубовіч; “Мэтадычка” Паўла Мажара;

“Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм”: “Мара” Сашы Кулак; “Смеласць” Аляксея Палуяна. 

Выбіраць лепшых тут і праўда было складана:моцны ўзровень і якасныя працы. Як і ў выпадку з лепшым аператарам. Аператарскія здымкі ў фільме Аляксея Палуяна — адны з самых цікавых і драматычных. Рэжысёр сам казаў, што яго ўзнагарода за фільм – гэта ўзнагарода  Тацяны Гаўрыльчык і Есэ Мазуха. Але наколькі ж класная праца ў Юліі Шатун у фільме “Спатканне ў Мінску”, дзе ўсё знята адным дублем. 

5. Няма нічога дзіўнага, што лепшым ігравым поўнаметражным фільмам стала праца Мікіты Лаўрэцкага “Спатканне ў Мінску”. Гэта было, мусіць, зразумела: у кароткім спісе два ягоныя фільмы з трох. Лаўрэцкі ўжо не раз перамагаў. І не раз, мне падаецца, яшчэ пераможа: поўны ігравы метр у такой колькасці ў беларускім кіно ніхто больш не здымае. Мікіта – феномен, які ўвесь час транслюе неверагодную любоў да гэтага віда мастацтва. Працягваць здымаць, нягледзячы на ўсе складанасці, можна толькі калі па-сапраўднаму любіш тое, чым займаешся.

6. Вельмі радасна, што ўзнагароду за лепшую жаночую ролю атрымала Вольга Кавалёва. Мы абмяркоўвалі на пасля цырымоніі з Аняй Яфрэменка і Уладай Сяньковай, што вельмі цікава было б Волю паглядзець у нейкіх іншых стужках. Зразумела, што яна не акторка, якая будзе вось прама драматычна тэатральна іграць, але менавіта ў рамках мамблкора яна здольная вельмі ярка раскрыцца з  іншых акцёрскіх бакоў.

7. Адным з галоўных фаварытаў гэтай цырымоніі стаў Юрый Сямашка і ягоны фільм “Смецавая галава”. Перамогі ў трох намінацыях — “Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм”, “Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)” і “Адкрыццё года”. І пры гэтым Юры, мяркуючы па ўсім, не моцна быў задаволены тым, што ён выйграў у апошняй катэгорыі: ён так крыху пасіўна-агрэсіўна на цырымоніі звярнуў увагу на тое, што да гэтага ўжо зняў шмат фільмаў. Каму не хочацца, каб усё, што робіш, было запар бліскуча і геніяльна? Але так наўрад ці можа быць. Наогул гэта нармальны творчы працэс, калі ты вельмі шмат працуеш, і потым ужо гэта прыносіць класныя вынікі, бо ты пачынаеш рабіць сапраўды добрыя працы – якой, безумоўна, і з’яўляецца фільм “Смецавая галава”.

8. Мы падгледзелі 71 фільм. Натуральна, калі ты на працягу доўгага часу іх глядзіш, робіш нейкія сабе пазнакі. Але фільм Сямашка – той выпадак, дзе не трэба нічога адзачаць для сябе, таму што праца моцна ўразаецца ў памяць. Гэта візуальна класна зроблена, тут моцы аўтарскі голас. Простая гісторая з крэпкай і зразумелай драматургіяй, якая выдатна падсаджвае гледача на рознага кшталту псіхалагічныя хітрыкі. І ўсё гэта кажа пра талент і больш вывастранае майстэрства.

Яшчэ фільм Юрыя Сямашка пра тое, што няма нічога немагчымага. Пра гэта казаў на цырымоніі сам рэжысёр: фільм, які зняты ў кватэры з пап’е-машэ і адным акцёрам. Дарэчы, рэжысёр зараз перамог у інкубатары ад Belarusian Filmmakers’ Network і распачаў працу ад сваім поўным метрам.

9. Лайфхак пра доўгі спіс “Чырвонага верасу”. Людзей, якія кажуць, што няма чаго глядзець ці па сотым коле хаваюць наша кіно, — лёгка зараз можна правяраць, запрасіўшы абмеркаваць нешта з прэміі. Перад вамі будзе ці чалавек у тэме, ці той, хто нічога не глядзеў, але любіць вечна ныць, як жа ай-яй-яй усё дрэнна!

10. Ад кампліментаў беларускаму кіно з пазіцыі “ёсць толькі класны док” хочацца адхрысціцца як ад пахвалы чыстаму Мінску: а больш нічога адзначыць нельга?

З іншага боку, факт — беларускі док стабільна добры: ён заходзіць тэмы, умею ў эксперымены, напаўняе рэальнасць, выжымаючы з яе ўсё. 

Палуян, Кулак, Мажар, Буйніцкі, Галубовіч — абсалютны must see. Захавальніцай “Спецыяльнай згадкі” калектыўнаму сведку стала рэжысёрка Вольга Абрамчык, якая выкарыстала яго сведчанні для свайго фільма “Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета”. Сама рэжысёрка казала, што гэта той фільм, дзе няма і аднаго кадра, знятага аператарам. Гэта якраз і пра сілу ідэі? І магчымасці беларускай дакументалістыкі: калі ты з аскепкаў збіраеш палатно, якое і вынаходзіць новыя сэнсы пад мантажом чулых рэжысёрскіх рук.

Увогуле, калі праводзіць нейкую аналогію з назвай фільма Вольгі, то і цырымонія “Чырвонага верасу” для нас усіх 17 лютага і стала тым самым летам, дзе мы сустрэліся, паабдымаліся, павіншавалі адзін аднаго. Вельмі важна, што атрымалася падсвяціць галоўнае: нам ёсць, чым ганарыцца, нам ёсць, што глядзець і абмяркоўваць Мяне праўда накрыў вялікі гонар за нашых кінематаграфістаў. І адужэла ўпэўненасць: я напішу дакладна яшчэ шмат добрых і не вельмі рэцэнзій, таму што мне будзе пра што пісаць!

Фотаздымкі Алёны Сойкі.

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Type your search keyword, and press enter to search