Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Януш Гаўрылюк: “Шмат фільммэйкераў метафарычна загінуць у кінаіндустрыі Польшчы, бо вынікі іх працы не будуць мець аніякага дачынення да беларускага кіно”

27 студзеня, 2024

Януш Гаўрылюк – заснавальнік культавага ўжо фестывалю беларускіх фільмаў “Бульбамуві”, які можна лічыць адным з індыкатараў стану беларускага кіно зараз. Backstage пагаварыў з ім пра тое, хто “загіне” у індустрыі Польшчы і чаму не трэба саромецца хваліць стары фестываль “Лістапад”.

— Фестываль –  гэта такая своеасаблівая лакмусавая паперка, якая паказвае, чым жыве беларускае кіно. Што галоўнага маглі б адзначыць вы?

— Здаецца, што менш фільмаў было. Многія звярнулі ўвагу на тое, што ў гэтым годзе было менш гучных прэм’ер і аўтараў у праграме фестывалю “Бульбамуві”. Ці, напрыклад, на жаль, я не змог уключыць фільм “Радзіма” Міхалковіча і Бадзякі, бо прадзюсары фільму дамовіліся з іншым польскім фестывалем, што варшаўская прэм’ера будзе ў іх. Здаецца, можна было зрабіць так, каб і мы паказалі гэты фільм, але стваральнікі не пагадзіліся. Важна, што фільмам адкрыцця стала стужка Якуба Станкевіча “Развітанне з радзімай”, дзе вельмі дакладна і шчымліва паказана ўсё тое, што адбываецца з Беларуссю апошнія тры гады. 

Галоўны мой смутак – няма ігравых фільмаў. Збольшага наш фестываль атрымліваецца фестывалем дакументальнага кіно. Але гэта праблема існуе, на жаль, даўно. Проста сёлета было адчуванне, што іх зусім стала менш, чым раней. 

Яшчэ адзін боль, што былі два фільмы, якія мы ў прошлым годзе не маглі паказаць і ў гэтым таксама не склалася. А ці будзе сэнс паказваць іх у наступным – не зразумела.

—  З чым гэта звязана?

— Цяжка пра гэта казаць, каб не паліць, але гэта фільмы, створаныя ў Беларусі. Хтосьці  прайшоў праз турму, таму зразумела нежаданне ўдзельнічаць у польскіх фестывалях. Гэта добры фільм,  вельмі шкада, што яго ніхто не пабачыць. 

Яшчэ адна стужка – альманах “Гэта я, Мінск”, зняты Андрэем Грынько і Дзмітрыем Дзядком на студыі “Беларусьфільм”. Фільм з праграмы “Бульбамуві” прыйшлося знаць па просьбе студыі, якой належаць правы на паказ фільма. Нібыта па дамове фільм не можа быць паказаны за мяжой да моманту, пакуль яго прэм’ера не адбудзецца ў Беларусі. І павінна была быць гучная прэм’ера на “Лістападзе”, але і адтуль фільм знялі. Стужку ўвогуле ніхто не можа паглядзець да гэтага часу! Гэта абсурд, проста абсурд.

Фота: сайт Бульбамуві

— А што асабіста вас парадавала ў беларускім кіно ў 2023 годзе, калі казаць у цэлым?

— Мяне асабіста радуе, што на наш конкурс маладога беларускага кіно працы ўсё роўна дасылаюць! У гэтым годзе мы не прамавалі конкурс, бо не было зразумела, ці зможам зрабіць фестываль. І за некалькі дзён да дэдлайну заяўкі ад аўтараў пачалі прыходзіць. Мяне радуе, што запатрабаванасць ёсць. На гэтыя паказы беларускага маладога кіно ў 11 гадзін раніцы ў кінатэатр прыходзяць гледачы! Бо калісьці сітуацыя з глядацкім інтарэсам была зусім іншай…

— А што змянілася ў глядацкай зацікаўленасці? Як вы бачыце гэты працэс знутры?

— Ды халера яго ведае! Магчыма, гэта звязана з 2020 годам – з гэтай прысутнасцю беларусаў у медыйным полі. “Лістапад”, канешне ж, шмат рабіў. Калі я апошні раз быў у Мінску ў 2019 годзе, там былі поўныя залі на нацыянальным конкурсе. Нацыянальны конкурс “Лістапада”, калі ён існаваў, гэта была сапраўды важная і прарыўная рэч для беларускага кіно, на мой погляд. Бо былі рэсурсы, была прэса, была добрая праца, якую яны рабілі, каб была цікаўнасць да свайго. Я не кажу, што толькі сваім і трэба цікавіцца – не, бо гэта мазахізм. Але важна ведаць, што і ў тваёй культуры адбываецца. 

— Вельмі важна, што вы адзначылі ролю “Лістапада”. Зараз неяк не прынята казаць добрае пра інстытуцыі, якія звязаны з дзяржавай кшталту гэтага фестывалю ці “Беларусьфільму”. Вядома, цяжка ў нашых абставінах мінаваць палітычны кантэкст. Але калі прайшоў час, стала зразумела, як шмат нацыянальны конкурс і яго неабыякавыя адборшчыкі зрабілі для папулярызацыя беларускага кіно сярод беларусаў. Гэта сапраўды неверагодная праца! 

Так, я цалкам згодны. Мы гэта рабілі яшчэ ў Варшаве ў 2011 годзе. І гэта акей, але ж заўсёды было адчуванне: чаму такога няма ў самой Беларусі? Бо там жа гэта можна было рабіць больш маштабна! І мне здаецца, мы неяк гэта нават справакавалі, каб “Лістапад” нарэшце зрабіў гэты конкурс у 2014 годзе. І гэта добра, бо так павінна было быць заўсёды. Таму, вяртаючыся да пытання зацікаўленасці, яшчэ адна прычына таго рэнесансу, пра якія я кажу, на жаль, звязана з эміграцыяй. 

Шмат людзей з’ехала – і гледачоў, і творцаў. Проста многім тое, што мы робім, магчыма, нагадвае перыяд адлігі на “Лістападзе”. Апошнія тры гады сапраўды шмат людзей прыходзіць, прыходзяць і палякі. І гэта таксама крута, бо гэта культура, гэта інтэграцыя. І праграма ў гэтым годзе была някепская… Хаця я бачыў нараканні, што няма вядомых нейкіх стужак.

— Так, на Еўрарадыё пра гэта сапраўды казалі. 

— Я ўсё разумею, але дзе мне ўзяць вядомыя стужкі, калі іх няма? 

— Рытарычнае пытанне. Давайце тады пра якасць. Тарас Тарналіцкі адзначыў даволі сярэдні ўзровень стужак у секцыі маладога беларускага кіно.

— Тут хочацца спачатку расказаць смешную гісторыяю. Памятаю, неяк Тарас пачаў размову з трыма аўтарамі – былі Максім Швед, Андрэй Кашперскі і Таня Свірэпа. Там ён таксама казаў пра хрэновую праграму і пасля адразу папрасіў аўтараў расказаць пра свае фільмы (смяецца). Гэта размова таксама была пасля  прагляду секцыі маладога беларускага кіно. 

— То бок вы не згодны з гэтым меркаваннем?

— У гэтым годзе як раз магу пагадзіцца з Тарасам. Калі шчыра, сапраўды магло быць лепш у плане якасці і таго, каб фільмы неяк адрозніваліся адзін ад аднаго. Але тут вяртаемся да думкі, якая ўжо гучала: я не магу ўзяць тое, чаго няма. І яшчэ: фільм адкрыцця фестывалю, гэта стужка сапраўднай беларускай зоркі (гаворка ідзе пра “Развітанне” Якуба Станкевіча – Backstage),  але мы не можам назваць імя, бо такая ў нас зараз рэчаіснасць. Таму няпраўда: зоркі ў нас былі. Дарэчы, стужку можна паглядзець на ютуб-канале Belsat Doc.

—  Яшчэ хачу з вамі пагаварыць пра кіно і 2020 год. Вы казалі, што публіка як быццам стамілася. Пры гэтым у 2023 годзе перамог фільм, які распавядае пра рэпрэсіі ў Беларусі. І ў самой праграме па-ранейшаму было дастаткова фільмаў на гэтую тэму. Як вам падаецца, чаму? Гэта па-ранейшаму рана, якая ніяк не хоча гаіцца? Ці палітычны складнік – вось жа ён, драматычны і важны,  ляжыць на паверхні, бяры ды не думай? 

— Папулярнасць тэмы зразумела, гэта сапраўды шмат каго закранула, таму нават цяпер дасылаюць такое кіно. Пра стомленасць – магчыма, людзі стаміліся ад тых архіваў, якія прысутнічаюць у некаторых фільмах. Бо сама тэма як тэма, калі ўвогуле разглядаць “а што сапраўды адбылося і адбывалася да гэтага” – яшчэ будзе выкарыстоўвацца і жыць пару гадоў дакладна.

Але тут ёсць адзін нюанс: было б файна, каб важнасць гістарычных падзей пачала жыць не толькі ў дакументальным кіно, якога сапраўды шмат, але і ў ігравым. Бо зараз з ігравога ў нас толькі “У жывым эфіры” Мары Тамковіч і яе поўны метр пра Кацярыну Андрэеву, які як раз здымаецца. І там таксама выкарыстоўваюцца эфіры таго самага белсатаўскага стрыму. А ўвогуле, магчыма, тэма пратэстаў 2020 года для беларусаў будзе вечнай, як тая ж тэма другой сусветнай вайны.

— Гэтая балючая думка ідзе рэфрэнам у нашай гутарцы: няма ігравога поўнаметражнага кіно. І як яго здымаць, незразумела: няма грошай, магчымасцей, а здымаць самастойна па фільму ў год можа бадай што адзін Мікіта Лаўрэцкі…

— Больш за тое, няма традыцыі, няма досведу. Няма дзе практыкавацца. Мара Тамковіч – магчыма, самы відавочны прыклад, які мае шмат практыкі. Яна працавала і другім рэжысёрам, і памочнікам рэжысёра. І там чалавек вучыўся гадамі, як працаваць. А калі ты ў андэграўндзе, як асноўная частка нашых рэжысёраў, то дзе ты такі сапраўды досвед рэжысёрскі здабудзеш? 

Мне здаецца, што важны прыклад таго, як добра чалавек вучыцца і як гэта спрыяе на якасць, – Андрэй Кашпэрскі і яго “Працэсы”. Розніцу лёгка заўважыць, калі параўнаць першую частку з другой і трэцяй. Спосаб працы, сам фармат гэтых серый вельмі адрозніваюцца ў лепшы бок!

І гэта сведчыць пра тое, што на здымачнай пляцоўцы першай серыі ён як раз і вучыўся, але не ўсе маюць такую магчымасць. Вось дзе сапраўдная праблема! І магчыма, многія са мной не пагадняцца, але я сапраўды лічу, што калі маладому таленавітаму рэжысёру з ідэяй даць грошы, то не факт, што ён зробіць штосьці адметнае! Вельмі патрэбны вопыт, вельмі.

— А калі да гэтага дадаць адсутнасць выразных кінатрадыцый, мы як быццам у перманентным тупіку…

Калі мы кажам пра сітуацыю эмігранцкага кіно, то я ўпэўнены, што шмат фільммэйкераў метафарычна загінуць у кінаіндустрыі той жа Польшчы. Не, яны будуць працаваць, але вынікі гэтай працы ўжо не будуць мець аніякага дачынення да беларускага кіно. Тая ж Мара, пра якую шмат сёння, яна з самага пачатку рабіла польскія фільмы. Калі здарыўся 2020 год, узнікла ну так… нейкая кан’юнктурная хваля, тэма беларуская стала больш актуальнай і патрэбнай. Але праз першы перыяд яна, канешне, польская рэжысёрка. Ды і ці магло быць інакш? 

— Зліццё ў пэўным фармаце, яно непазбежна, але каб загінуць? Ці не надта песімістычна, Януш?

Я размаўляў з некаторымі беларускімі кінавытворцамі, яны сапраўды так сумна на гэта не глядзяць. Але мне здаецца, што яны да канца не разумеюць, што чакае далей. Яны ўсё жыццё здымалі ў Беларусі, таму няма пакуль дакладнага ўяўлення, як ім працаваць тут. Вось як здымаць дакументальнае кіно не ў Беларусі? Тэму эміграцыі, пра беларусаў, якія тут жывуць, ты тут зможаш зняць, а што яшчэ? Гэта ж не адзіныя тэмы! Для ігравога кіно шмат тэм, якія файна можна здымаць дзе заўгодна, але тут мы зноў вяртаемся да нашай “улюблёнай” тэмы (смяецца).

— То бок беларускі кінематограф павінен збольшага стварацца толькі ў Беларусі?

— Гісторыя паўтараецца, першая свая кінафабрыка беларуская, дзе здымалася кіно, існавала да 50-х гадоў у Пецярбургу! Зараз таксама ўсё жывое ствараецца за мяжой, але іншага выйсця пакуль няма. А да чаго гэта прыйдзе, паглядзім! Я сапраўды перакананы ў тым, што беларускае кіно можа быць толькі ў Беларусі!

— Так, яно павінна, але не можа. А што з гэтага дзіўнага трагічнага сімбіёзу выйдзе, толькі час пакажа.

Вось ведаеце, што цікава, скончыўся “Бульбамуві” дзявяты, а я зусім не ведаю, што паказваць наступным годам. Заўсёды ёсць гэтае адчуванне: не будзе нічога, што можна паказаць!

— Кожны год такі стан? 

— Так! Але песімізм праходзіць, калі сочыш за тым, што адбываецца, і разумееш, што заяўкі дасылаюцца, жыццё ёсць!

— Ну вось, тут можна пасмяяцца з таго, што нарэшце зноў аптымістычная думка ў нашай размове. Дзякуй, Януш, за гутарку!

— Дзякуй і вам!

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
Андрэй Палупанаў: «Вялікая праблема ў тым, што нават Беларусь многімі не ўспрымаецца як краіна. Што можна сказаць пра беларускае кіно»

Андрэй Палупанаў: «Вялікая праблема ў тым, што нават Беларусь многімі не ўспрымаецца як краіна. Што можна сказаць пра беларускае кіно»

Андрэй Палупанаў — заснавальнік і выкладчык папулярнай у Беларусі прыватнай…

“Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні”. Рэжысёр Яўген Лыткін – пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы

“Я дакладна не буду здымаць у Расіі сёння і ў агляднай будучыні”. Рэжысёр Яўген Лыткін – пра сваё жыццё ў Польшчы і здымкі для Netflix на суседняй вуліцы

Яўген Лыткін – беларус, які зняў трылер “Забароненая група”, што…

“Гэта не Джэймс Бонд, а дзве жывыя і вельмі смелыя дзяўчыны, якія вядуць стрым”. Рэжысёрка Мара Тамковіч – пра затрыманне Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай

“Гэта не Джэймс Бонд, а дзве жывыя і вельмі смелыя дзяўчыны, якія вядуць стрым”. Рэжысёрка Мара Тамковіч – пра затрыманне Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай

Кароткі фільм Мары Тамковіч “У жывым эфіры” быў зняты па…

Type your search keyword, and press enter to search