Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Мой першы кінафэст у Нью-Ёрку: як гэта было

28 лістапада, 2023

Аўтарка Backstage Марыя Канаваленка схадзіла на New York Film Festival і падзялілася ўражаннямі.

Нягледзячы на тое, што я ў індустрыі я ўжо не першы год, Нью-Ёркскі кінафестываль стаў маім першым досведам удзелу на міжнародным кінафестывалі.

Маленькі клуб эстэтаў кіно, вялікая колькасць фільмаў, якія не зразумелыя для 90% насельніцтва планеты і завышаныя кошты на квіткі – гэта тое, да чаго я рыхтавалася, калі ўжо ведала, што еду ў Нью-Ёрк, а значыць і ўдзельнічаю ў кінападзеі. Аднак мерапрыемства мяне прыемна здзівіла, зусім не супаўшы з маімі чаканнямі. Але спачатку дазвольце даць невялікі гістарычны кантэкст для тых, хто ніколі не чуў пра дадзеную падзею.

Марыя Канаваленка. Фота аўтаркі

Нью-Йоркскі кінафестываль (NYFF) – гэта адзін з самых прэстыжных кінафестываляў у ЗША. Адбываючыся з 1961 года кожную восень у Лінкальн-цэнтры выканальніцкіх мастацтваў у Нью-Ёрку, фестываль з першага года свайго існавання заявіў сябе як міжнародная сусветная падзея.

“Калі вы пачынаючы аўтар, які жадае прыцягнуць увагу прафесіяналаў кінематографа і кінаманаў у Амерыцы, гэты фестываль ідэальная для вас магчымасць” – так мерапрыемства ахарактарызаваў Алан, прадстаўнік фестывалю на адной з пляцовак, дзе паказваліся карціны з праграмы 2023 года.

Хоць у NYFF няма ніякіх намінацый, фестываль адрозніваецца высокай канкурэнцыяй: штогод з 1500 прэтэндэнтаў адбіраецца ў сярэднім 28 поўнаметражных фільмаў у асноўнай сетцы і 16 кароткаметражных фільмаў. Дакументальныя фільмы і адмысловыя паказы завяршаюць фестываль. Адна з асноўных мэт, што ставяць перад сабой стваральнікі фестывалю, – прадэманстраваць развіццё міжнароднага кінамастацтва і сучасныя тэндэнцыі ў змесце, форме і стылі.

Фота: filmlinc.org

Адзін з самых важных паказаў на фестывалі – гэта, безумоўна, фільм адкрыццё. У гэтым годзе гэта быў фільм May December Тода Хэйнса з Наталі Портман і Юліянай Мур у галоўных ролях. Прома-матэрыялы давалі зразумець хутчэй не кантэкст, а настрой карціны, які мне падаўся вельмі вытанчаным і ўзвышаным. Ідучы ў кінатэатр, я рыхтавалася заспець складаны аўтарскі твор, які прадугледжвае глыбокі аналіз кожнага мастацкага рашэння. Аднак амаль адразу рэакцыя ў кінатэатры дала зразумець, што фільм у сваім спалучэнні псіхалагічнага трылера і камедыі з лёгкасцю спраўляецца са сваёй мэтай захапіць сэрцы звычайнага гледача.

Маё чаканне, што кінафестываль як фармат азначае, што ўсе фільмы з’яўляюцца складанымі для разумення творамі, зразумелымі толькі вузкаму колу кінаманаў і тэарэтыкаў кіно, не апраўдалася. Як і чаканне неверагодных коштаў на квіткі. Вядома, любы жадаючы мог купіць білеты загадзя, такім чынам заплаціўшы больш высокі кошт, але разам з тым сапраўды забяспечыць сабе месца ў кіназале. Але ўсё ж фестываль прапаноўваў і іншыя, больш даступныя варыянты, як патрапіць на прагляд.

Напрыклад, калі вы студэнт, фестываль дасць вам такую ж скідку на ўсе білеты, як удзельнікам сваёй спецыяльнай партнёрскай праграмы. А таксама, у большасці паказаў існуе правіла жывой чаргі (stand by), з дапамогай якой, абапіраючыся на дадзеныя, прадстаўленыя мне тымі, хто праводзіў у кінатэатрах больш за ўсё часу – валанцёрамі – нават у самым маленькім кінатэатры ў сярэднім каля 20 чалавек атрымлівалі месца на кожным з паказаў.

Увогуле, варта адзначыць, што фестывальная праграма была вельмі розная, а чэргі перад кожным фільмаў даказвалі, што людзі гатовыя стаяць у дождж нават дзеля карціны, якая паказваецца не першы раз.

Не многія ведаюць, але апроч паказаў фільмаў фестывалі таксама праводзяць дадатковую спецыяльную праграму, якая ўключае дыскусіі, лекцыі і адмысловыя мерапрыемствы. Хоць фармат мерапрыемстваў у сутнасці сваёй не з’яўляўся нечым новым для гледачоў, мне падалося вельмі цікавым, як арганізатарам удалося пераасэнсаваць праграму. Напрыклад, мне запомнілася займальная гутарка двух таленавітых рэжысёрак Эні Бэйкер і Рэйвэн Джэксан, чые фільмы «Планета Джанет» і «Усе грунтавыя дарогі маюць прысмак солі» таксама прынялі ўдзел у фестывалі.

Дыскусія на NYFF. Фота аўтаркі

Гутарка была пабудавана такім чынам, каб аўтаркі маглі адказваць не толькі на пытанні з залы, але і на пытанні адзін аднаго, што зрабіла размову больш шчырай і нават інтымнай. Для абедзвюх рэжысёрак іх карціны з’яўляюцца дэбютамі, таму многіх цікавілі пытанні, звязаныя з пошукам натхнення, рэфлексіяй памылак і адкрыццяў, што аўтаркі, будучы таксама выхадцамі з іншых прафесій, рабілі прама на здымачнай пляцоўцы; з перасцярогамі аб магчымых крызісах і, што не магло не парадаваць, са жменькай крытыкі ў бок негатыўных установак, што многія заўважалі пры пачатку працы над праектамі.

Таксама мне ўдалося наведаць запіс спецыяльнага эпізоду падкасце “Screen Talk”, які выпускаецца галоўным рэдактарам IndieWire Эн Томпсан, дзе яна разам з яе намеснікам і кінакрытыкам Раянам Латанцыа, а таксама са спецыяльным госцем – выканаўчым дырэктарам кампаніі NEON Томам Куінам – абмеркавалі навіны фестывалю, кіна- і тэлевізійныя рэлізы.

Кінакрытыкі закранулі тэмы забастовак у Амерыцы, а акрамя гэтага абмеркавалі свае, вельмі кантрастуючыя, уражанні ад фільмаў, прадстаўленых у праграме Нью-Йоркскага кінафестывалю. Том Куін таксама распавёў пра новыя рэлізы кампаніі, у тым ліку пра фільм-пераможцу Канскага фестывалю “Анатомія Падзення”, а таксама пра сваё стаўленне да рашэння Францыі не адпраўляць фільм на прэмію “Оскар” у намінацыі “Лепшы міжнародны фільм”.

Мяне прыемна ўразіла, што пасля кожнага адкрытага мерапрыемства ўсе спікеры, незалежна ад іх становішча ў гэтай іерархіі кінаіндустрыі, з радасцю ўступалі ў асабістую камунікацыю з гледачамі.

Закрывала фестываль абмеркаванне і аналіз запрошанымі кінакрытыкамі ўсіх карцін, прадстаўленых у праграме фестывалю. Фармат гутаркі зноў аказаўся не зусім звыклым: крытыкі пры абмеркаванні паміж сабой розных карцін павінны былі паралельна адказваць на пытанні з залы, выбіраючы адзін з фільмаў і абгрунтоўваючы свой выбар. Па выніку ў кароткім фармаце ўсе фільмы былі прааналізаваны ў драбнюткіх дэталях: ад акцёрскай гульні і мастацкага пасылу да прычосак і арыгінальнасці задумак. Адмысловая цікавасць гутарцы надавала магчымасць крытыкам, якія прадстаўляюць розныя медыя і розныя аўдыторыі, не згаджацца ў меркаваннях і нават спрачацца наконт некаторых карцін.

Падчас фестывалю на некалькі дзён гледачам атрымалася пазнаёміцца з самымі знакавымі карцінамі гэтага года. Аднак акрамя гэтага фестываль таксама даў шмат магчымасцей для набыцця новых сувязей з кінематаграфістамі і аматарамі кіно па ўсім свеце. Я перакананая, што кінафестывалі – гэта асаблівы від падзей, які не будзе гучна крычаць пра сябе і зазываць цябе паўдзельнічаць, але тут здараецца галоўная магія кіно.

Марыя Канаваленка

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Type your search keyword, and press enter to search