Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Кастынг-дырэктарка Надзея Жук: «Зараз на здымкі фільма можа трапіць чалавек без вопыту. І не толькі ў рэкламе, але і ў кіно. Праўда, трэба быць гатовым, што заплацяць вам вельмі мала»

8 сакавіка, 2023

Жыццё акцёра нельга ўявіць без кастынгаў. Нават для вядомых акцёраў кастынг – гэта трамплін і шанец, каб у партфоліо нарэшце з’вілася тая самая роля. Дзе шукаць кастынгі, як да іх рыхтавацца і за што можна трапіць у чорны спіс – пра ўсё гэта мы распыталі кастынг-дырэктарку Надзею Жук.

Пачну з банальнага пытання. Як акцёру-пачаткоўцу наогул прайсці кастынг?

Мы жывем у час развітых сацыяльных сетак. Ёсць Telegram-каналы, ёсць Facebook. Калі вы заб’еце слова casting, вы ўбачыце шмат варыянтаў. Але трэба быць асцярожным. У мяне была пацешная сітуацыя, калі я шукала мадэль і выпадкова падпісалася на Telegram-канал элітнага эскорту. Я зразумела гэта ўжо на наступны дзень, калі ўбачыла пост «Нам патрэбныя 5 дзяўчат у Дубаі». Таму рэкамендую спачатку прагартаць стужку, зразумець, пра што яна, і толькі потым падпісвацца. 

Вы таксама можаце напісаць непасрэдна кастынг-дырэктарам. У гэтых жа групах можна іх знайсці. Але ў вас павінна быць добрае партфоліо з фотаздымкамі і візітоўкай. Без гэтага немагчыма трапіць на здымкі. Важна, каб у партфоліо былі вашы актуальныя фатаграфіі, зробленыя за апошні месяц. Часта сутыкаюся з тым, што чалавек дасылае 6 здымкаў – і ва ўсіх ррозны колер і даўжыня валасоў. Або адпраўляе фатаграфіі, зробленыя на тэлефон. Не, не і яшчэ раз не. Ідзіце ў студыю – там вам зробяць здымкі, на якіх добра будзе відаць і твар, і профіль, і рукі.

А што рабіць, калі акцёрскага вопыту няма?

Зараз на здымкі фільма можа трапіць чалавек без прафесійнага вопыту, навыкаў і адукацыі. І не толькі ў рэкламе, але і ў кіно. Праўда, трэба быць гатовым да таго, што заплацяць вам вельмі мала. Часам бяруць людзей з цікавай знешнасцю, людзей, якія гатовыя здымацца за меншыя грошы. Але я не прыхільнік такіх рашэнняў, таму што гэта ў першую чаргу праца. А праца павінна аплочвацца. Калі казаць пра шанец, то ён ёсць у кожнага. Тым больш, што кастынг-дырэктару часта даводзіцца сутыкацца з чэленджамі «Знайдзі 4 кітайцаў з беларускім пашпартам». 

Гэта значыць, што можна адправіць заяўку нават без акцёрскага вопыту?

— Так, праўда ёсць адно але! Адпраўляйце заяўку на кастынг, толькі калі вы адпавядаеце крытэрыям. Часта бывае, што мы пішам у характарыстыцы «ад 18 да 25», а 35-гадовы чалавек прыходзіць са словамі «Сябры кажуць, што я выглядаю на 18». Не, ты не выглядаеш. Чалавек у 18 і 35 адрозніваецца не толькі знешнасцю. Паводзіны, тэмп і рытм жыцця, манера размаўляць у 30 і ў 18 вельмі адрозніваюцца. І добры рэжысёр гэта разумее. Кастынг-дырэктары і кастынг-менеджэры нездарма прад’яўляюць менавіта гэтыя патрабаванні. 

А кастынг-дырэктар і кастынг-менеджэр – гэта розныя пасады?

Так, многія не разумеюць розніцы. Кастынг-дырэктар – гэта чалавек, які ўсё арганізуе. Ён чытаў сцэнарый, пастаянна кантактуе з рэжысёрам. У яго ёсць бачанне. Гэта своеасаблівы мастак, які працуе разам з рэжысёрам. 

Што трэба падрыхтаваць да кастынгу?

Зараз усе просяць візітоўку, бо жывых кастынгаў мала. Яе можна запісаць на тэлефон, але абавязкова з добрым асвятленнем. Адзенне і прычоска павінны быць базавымі. Макіяж таксама. Працягласць візітоўкі – не больш за 1 хвіліну. Кастынг-дырэктар не мае часу глядзець асобны фільм пра вас. На відэа трэба коратка расказаць пра сябе. Імя, узрост (гульнявы ​​і біялагічны), вопыт, уменні і навыкі. Калі ў вас ёсць татуіроўкі, трэба іх паказаць (калі яны не ў інтымных месцах). Вы таксама можаце дадаць, ці гатовыя да камандзіровак і наколькі занятыя на дадзены момант. 

Асабіста я не люблю ShowReel, але я працавала з рэжысёрамі, якія іх патрабавалі. Праблема многіх беларускіх акцёраў у тым, што яны часта дасылаюць кепскія серыялы, дзе яны здымаліся 10 гадоў таму. ShowReel павінен паказаць ваша развіццё. Нікому не цікава глядзець, як ты плачаш па 10 хвілін у розных сцэнах. 

А што наконт жывых кастынгаў?

Для жывога праслухоўвання вы павінны прыйсці вельмі добра падрыхтаванымі. Вы павінны дакладна разумець, што гэта за праект, якая ваша роля, як вы павінны быць апрануты.

Калі я шукаю чалавека, які займаецца харэаграфіяй, трэба прыйсці ў такім адзенні.

Калі ва ўмовах напісана пра купальнік, то яго трэба мець з сабой. Калі няма ўмоў адносна адзення, яна павінна быць нейтральнай (асабліва гэта тычыцца дзяцей – іх часта апранаюць у сукенкі з бантамі). Калі вы ўжо прыйшлі на кастынг у майцы або світшоте з прынтам, вывярніце іх.

Не прыходзьце з яркім мэйкам ці са складанай прычоскай, калі такая задача не была пастаўлена. Так вы губляеце час, таму што кастынг-дырэктару цяпер трэба зняць з вас макіяж і распусціць прычоску. 

І зноў — вы прыходзіце на працу. Нікога не хвалюе, што ты пайшоў купацца і не паспеў пераапрануцца. Ніхто не захоча працаваць з акцёрам, які не спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Невыкананне ўмоў – падстава для занясення ў чорны спіс. 

Надзея Жук. Фота: instagram.com/beetle.hope/

А за што яшчэ можна трапіць туды?

Калі не выконваеш умовы. Напрыклад, не прыязджаеш — гэта прапушчаная змена. Або прыходзіш п’яны. Або акцёр павінен быць з барадой, а ён пайшоў галіцца. Ці наадварот. Зразумейце – гэта не пра прыдзірацца. Любая недапрацоўка акцёра – недахоп каманды. Для акцёра гэта можа здавацца дробяззю. А для кастынг-дырэктара – стаць канцом кар’еры.

Атрымоўваецца, што галоўнае – выконваць пастаўленые задачы? 

Так, гэта вельмі важна! Ты прыходзіш працаваць на здымачную пляцоўку. Не мае значэння, ваша гэта прафесія ці не. Цяпер вы прыйшлі сюды працаваць. Калі вам скажуць “Спявай”, не кажыце “Я не магу”. Скажыце: “Дайце мне 10 секунд, каб падрыхтавацца”. 

Адвярнуўся, настроіўся, успомніў песню, спытаў “Можна?, пачуў “Так” – і заспяваў. Калі вы зусім не можаце выканаць заданне, вы кажаце: «Прабачце, я больш не буду марнаваць ваш час, да пабачэння». 

Калі гэта дзіцячы кастынг, удзел прымаць павінен той, хто сапраўды хоча здымацца. За сваю кар’еру я бачыла столькі дзяцей, якія крычаць «я зусім не хацеў, мяне мама прывяла». Рэжысёру патрэбны акцёр, які будзе працаваць, а не дзіця, на якое маці павесіла свае няздзейсненыя амбіцыі. Працаваць з дзецьмі і так складана. У мяне былі выпадкі, калі яны баяліся рэжысёра, і мне даводзілася з гэтым змагацца.

Слухай, з дзецьмі гэта зразумела: яны могуць баяцца. А што наконт дарослых?

Такое таксама бывае. Асабліва калі працуеш з чалавекам, які не вельмі добра ведае механіку здымачнага працэсу. Напрыклад, мы выязджалі на лакацыю і здымалі адразу ўсе сцэны на гэтым мессцы: 5 гадоў таму, 2 гады таму, цяпер. Але добры рэжысёр знойдзе час і папрацуе з акцёрам, каб таму было прасцей. Асабліва калі гаворка ідзе пра складаныя сцэны.

Аднойчы мне давялося здымаць эпізод, дзе паказвалі, як немцы фатаграфуюцца з забітымі габрэямі. Там плакала ўся каманда – не толькі дзяўчына, якая здымалася ў гэтай сцэне! Акцёры ляжалі неапранутымі на зямлі ў лістападзе. Дзяўчына спалохалася, але справілася.

Калі сцэна цяжкая, я заўсёды распавядаю пра гэта асабіста, расказваю, як яно будзе. Асноўныя складанасці звычайна: холад, вышыня і аголеныя сцэны.

А цяпер далікатнае пытанне. Ці варта пытацца пра грошы на кастынгу?

Кастынг – не месца для гэтага пытання. Калі я ўжо тэлефаную канкрэтнаму чалавеку, то ён можа спытаць мяне пра ганарар. Ці я магу ў прэзентацыю ўставіць, колькі гэта будзе каштаваць. Але калі гэта жывы кастынг, дзе побач яшчэ 30 жадаючых, я звычайна магу назваць толькі дыяпазон. Калі аўтарскі фільм, то папярэджваю, што без бюджэту. 

Магчыма, вы хочаце дадаць што-небудзь яшчэ для чытачоў Backstage?

Па-першае, заклікаю акцёраў адмовіцца ад нізкіх ганарараў у камерцыйных роліках. На этапе зацвярджэння удакладніце бюджэт.

Па-другое, паглядзіце, у якім праекце вы будзеце здымацца. У мяне быў выпадак, калі акцёраў з-за іх дрэнных праектаў заносілі ў чорны спіс. Адгаворка «я не ведаў, што гэта за праект» тут не працуе. Вы не ведалі, але я не магу здымаць вас у іншым праекце з кардынальна супрацьлеглымі каштоўнасцямі. 

І трэцяе, будзьце асцярожныя з перадачай правоў. Калі вас фатаграфуюць, у дамове павінна быць прапісана, дзе і на які тэрмін будуць размешчаны фатаграфіі. Калі вы здымаліся для білборда МТС, іншыя аператары вас больш не будуць здымаць. Такім чынам, перадача вашых аўтарскіх правоў не можа каштаваць 150 рублёў. Калі на табе зарабляюць, то і ты павінен зарабляць. Так працуе рынак. Многія пачынаючыя акцёры пра гэта не ведаюць, і часцяком заказчыкі гэтым карыстаюцца.

Што азначае перадача правоў? Я дазваляю карыстацца сваім голасам, тварам, рукамі на пэўны тэрмін. І калі вы падпісалі кантракт на год, а праз год расцяжка працягвае вісець, то гэта парушэнне вашых правоў. 

Яшчэ адзін важны нюанс – адзенне. Калі карыстаешся сваёй вопраткай, за яе вам трэба даплачваць. Тое ж самае – манікюр, стрыжкі, афарбоўванне. У мяне была актрыса, якая прымусіла  заплаціць за працэдуры па аднаўленню скуры. Яна досыць доўга была са складаным макіяжам. І гэта ўсё павінна быць прагаворана. Бывае, што вашы праекты перасякаюцца — дзесьці трэба быць з паголенай галавой, а дзесьці з доўгімі валасамі. Абавязкова абмяркуйце з кастынг-дырэктарамі вашых праектаў усе неабходныя змены загадзя!

Яна Барысава

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Type your search keyword, and press enter to search