“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Здаецца, калі кажаш “беларускі кінематограф” нават у многіх беларусаў ці адразу рэфлекс “партызанскія фільмы”, ці баязлівае пытанне “а ён увогуле існуе?” Што тут ўжо казаць пра еўрапейскіх гледачоў?
У адным з інтэрв’ю Воля Чайкоўская адзначыла, што гэтая арганізацыя патрэбна найперш для таго, каб ніхто не задаваўся пытаннем, ці існуе беларускі кінематограф. І гэта мэта – найважнейшая.
Памятаеце, у школе настаўніца тлумачыла, што такое аксюмарон? Дык вось беларускае кіно – гэта не ён: не жывы труп, не аглушальная цішыня, не маўклівы крык або публічная таямніца. Проста калі столькі часу існуеш насуперак, у нейкі момант і сам пачнеш сумнявацц: ці ёсць ты?
Прасоўванне незалежных беларускіх фільмаў, кансалідацыя кінематаграфістаў, магчымасці для новых кінапраектаў, дапамога ў фінансаванні – гэта ўсё трэба беларускім фільмэйкерам як ніколі. Але сказаць, што яны ёсць, што яны не адны – гэта куды важней.
Кіно – заўсёды пра кансалідацыю, пра садружнасць, калі хочаце. Ты можаш без грошай, вялікіх магчымасцяў рабіць фільм на каленцы, але побач з табой павінныя быць тыя, хто гарыць гэтай справай гэтак жа, як і ты. Няма нічога страшнейшага за роспач, калі не разумееш, дзе шукаць такіх людзей і ці ёсць яны ўвогуле? Кінаакадэмія, яна фундаментальна пра гэта: пра магчымасць не быць аднаму.
Так, Аляксей Палуян адзначыў (і гэта вельмі важна): “Аніякая інстытуцыя такія рэчы як адстойванне свайго праекта, яго развіццё, пітчынг, фінансавыя дамовы за творцу не зробіць. Мы пашыраем карту магчымасцяў, але ўсё роўна галоўныя рэчы аўтар робіць сам.”.
Рэжысёр фільма, прадзюсар, сцэнарыст і праўда ўсё гэта павінны рабіць самі, але тут усё ж “пашыраецца карта магчымасцяў”. Як пашыраецца і разуменне гледачоў, што гэта кіно ёсць, яго можна і трэба глядзець, падтрымліваць, крытыкаваць, ганарыцца ім і нават – не любіць. Але ведаць, што яно ёсць.
Мець магчымасць бачыць рэчы як ёсць, а не збіраць па крупінках інфармацыю пра фільмы, якія спрадзюсавалі і знялі беларускія вытворцы. Адзін з самых яскравых фільмаў “Крышталь”, зняты Дар’яй Жук, паказаў: не толькі нам цікава наша кіно і кіно пра нас. Любы досвед рэлевантны. У любой гісторыі будзе свой глядач. Галоўнае, як заўжды, у любым творчым працэсе: нешта рабіць. Пажадана без аглядкі на чыноўнікаў мінкульта і іх “уяўленні пра прыгожае”.
У гэтым сэнсе кінаакадэмія вырашае яшчэ адну важную задачу: паказаць альтэрнатыву арганізацыям, якія толькі намінальна “займаюцца” кіно ў Беларусі — у павільёнах, якія здаюцца пад усё што заўгодна, але толькі не для таго, каб здымаць жывое і смелае беларускае кіно.
Фота: Максім Швед, facebook.com/maksim.shved
Backstage.Belarus
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…
Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…