Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Рэжысёр Аляксей Палуян: “Ёсць некаторыя людзі, якія будуюць ілюзіі. Яны зацыклены на тым, каб шукаць нейкую ідэальную канцэпцыю, замест таго, што трэба здымаць кіно”

2 лістапада, 2023

“Возера радасці” і “Смеласць” – два фільмы Аляксея Палуяна, якія траплялі ў лонг-ліст прэміі Оскар. Скептыкі скажуць, што прэміі, магчыма, – даволі суб’ектыўная рэч, між тым такія дасягненні ёсць толькі ў фільмаграфіі гэтага беларускага рэжысёра.

Палуян не толькі паспяховы рэжысёр, ён яшчэ і сузаснавальнік беларускай незалежнай Кінаакадэміі – важнага вітка ў развіцці беларускага кіно. Пра важнасць навучанне, практыку як рэжысёрскую базу, жаданне еўрапейцаў дапамагаць, а таксама пра неабходнасць мастацкага фільма, прысвечанага падзеям 2020 года, – мы і паразмаўлялі.

— Першая ваша спецыяльнасць была вельмі далёка ад кіно (Аляксей – выпускнік факультэта камп’ютарнага праектавання БДУІР і два гады працаваў айцішнікам у EPAM  – нат. Backstage), а пасля вы з’ехалі ў Нямеччыну вучыцца ў акадэміі мастацтва. Як увогуле так склалася?

— Я насамрэч не вельмі люблю пра гэта распавядаць, бо тут нічога цікавага няма. Мне проста ў пэўны момант пашанцавала, што я ў Гётэ-інстытуце ўбачыў аб’яву: ёсць такая праграма, куды можна паступіць. А я даўна хацеў вучыцца чамусьці творчаму. І калі пра тэатр я крыху разумеў, то пра кіно нічога амаль не ведаў, таму мне было гэта вельмі цікава. Мне вельмі пашанцавала трапіць да выдатнага прафесара Яны Друзь, актрысы, кінарэжысёра і жанчыны, якая найперш садрала з мяне гэты наіўны слой разумення таго, што такое кіно. 

— А як змянілася ваша адчуванне і разуменне кіно?

Я прыехаў з уяўленнем, што кіно – гэта нейкая прафесія, дзе твая задача здымаць фільмы. А рэжысура – гэта зусім не прафесія, гэта лад жыцця, вобраз мыслення, гэта спроба разумення сябе і жыцця навокал 24/7. І ўвогуле – гэта досыць сабачая прафесія. То бок я б не хацеў, каб мае дзеці працавалі рэжысёрамі. Таму што гэтая прафесія патрабуе так шмат харызмы, якой ты павінен заўсёды заваёўваць усіх, хто побач. Табе трэба, каб тыя, хто з табою, працавалі дзеля тваёй ідэі. Да халеры складаная рэч, пагадзіцеся! 

І я зараз не пра тое, каб жыць з нейкай маскай ці ў нейкім вобразе. Проста быць здольным загартаваць свой характар так, каб, нягледзячы на цяжкасці, быць у стане выйсці за мяжу і ўспрымаць гэтыя цяжкасці. Табе пастаянна трэба даносіць да кіроўцы, які возіць тваіх акцёраў, да прадзюсара, да амаль кожнага, што ты сапраўды разумееш, пра што ты здымаеш і за табой варта ісці. 

Такую псіхалагічную ўстаноўку трэба выхоўваць ужо з першага курса. Мне спатрэбілася 7,5 гадоў.

— Вы вучыліся сем з паловай гадоў?

— Гэта яшчэ мала па нямецкім меркам. Ну вось толькі адзін кароткаметражны фільм – гэта два-тры гады жыцця. І што ты вось пасля трох кароткаметражных фільмаў здольны будзеш расказаць пра гэты свет? Кіно – гэта і ёсць спроба зразумець пра свет цягам свайго жыцця. Рэжысура, на жаль, гэта не 8 гадзін, пасля якіх ты больш мэйлы не глядзіш і можаш смела ехаць дадому…

Аляксей Палуян падчас здымачнага працэсу.

— Каб загартаваць свой рэжысёрскі характар вам спатрэбілася шмат часу. Як вы лічыце, пэўныя рысы патрэбна ўжо мець, каб займацца кіно, ці можна з нуля пачаць выкрышталізоўваць гэта? 

— Добрае пытанне. Аналізуючы творчы шлях калегаў, якія ўжо не займаюцца кіно, я разумею – штосьці ўсё ж павінна быць у характары адразу. Я маю прыклад аднаго знаёмага чалавека з не самым простым, нарцысічным характарам. Кіно – гэта камандная гульня, адзін ты ў гэтай прафесіі нічога не зробіш, нават калі ты будзе вельмі таленавітым. Я адчуваў, што яму будзе складана. І што па выніку? Мы 10 год адзін аднаго ведаем, больш кіно гэты чалавек не здымае. Я праўда ўпэўнены, што характар іграе вельмі вялікую ролю на шляху станаўлення рэжысёра, сцэнарыста, аператара ці прадзюсара. Гэта тыя чатыры сферы ў кіно, дзе чалавек можа працаваць толькі дзякуючы пэўным рысам.

— Для вас вельмі важную ролю іграе адукацыя. А ў ёй галоўнае — выбіраць найперш майстра?

— Так! Найперш трэба ўважліва паглядзець на чалавека, у якога будзеш вучыцца. Гэта асаблівая і вельмі чуллівая тэма: калі мы вучымся, мы пераймаем каштоўнасці таго, хто нас вучыць, пераймаем яго разуменне, што такое кіно, разуменне, як прафесійна яго глядзець. А па-другое – важна звяртаць увагу на тое, якая кінаіндустрыя ў краіне, дзе ты збіраешся працаваць, які ў цябе перспектывы ў будучым, каб скокнуць далей. 

Я ўвогуле раю ўсім ісці вучыцца! Гэта практычныя веды, магчымасць прафесійна глядзець кіно, кантактаваць з калегамі і каляжанкамі на здымачнай пляцоўцы.

Першыя крокі ў індустрыі, якія прасцей зрабіць.  Гэта яшчэ і кантакты. Напрыклад, зараз я здымаю свае фільмы з людзьмі, я з якімі я вучыўся, якіх я разумею без слоў – толькі позіркам. Ва ўмовах, у якіх знаходзяцца маладыя беларускімі рэжысёры, не карыстацца магчымасцю вучыцца, на мой асабісты погляд было б глупствам. 

— Аляксей, вы прыклад паспяховага рэжысёра, які добра ўбудаваны ва нямецкую кінаіндустрыю. Вы ўжо казалі, што калі выбіраеш месца навучання, абавязкова ацані, што табе прапанаваць можа кінасфера гэтай краіны. Чым для вас адметна нямецкая? І як вы самі сябе там адчуваеце? Наколькі добра і ўпэўнена?

— Я жыву ў гэтай краіне амаль 11 год. Як рэжысёр я стаўся ў гэтай краіне. Менавіта тут я атрымаў магчымасць вучыцца. Атрымаў магчымасць рабіць свае першыя крокі ў кіно. Хаця большасць маіх фільмаў зняты ў Беларусі, я ніколі не адчуваў складанасці з тым, што я не здымаю кіно на нямецкія тэмы. Германія – вельмі талерантная краіна. Я не думаю, што ў іншых заходнееўрапейскіх краінах мне было б лепш. Дзе ўвогуле яшчэ семестр кінаакадэміі каштуе 260 еўра? 

У якіх краінах ёсць кінафонды, якія падтрымліваюць студэнтаў, якія здымаюць кіно на замежнай мове, на замежныя тэмы? Мне складана гэта ўявіць у Польшчы. Не магу ўявіць у кансерватыўнай Францыі.

Пра паўднёвыя краіны гутаркі ўвогуле няма – таленавітыя рэжысёры з гэтых краін едуць у Нямеччыну. Пра Скандынавію нічога не магу сказаць, але што тычыцца Цэнтральнай Еўропы: умовы, якія ёсць у Германіі – выдатныя. 

Пра маю ўбудаванасць у нямецкую кінаіндустрыю… я зняў толькі 7 фільмаў і толькі пакуль адзін з іх доўгі паўнаметражны фільм, які мае нейкі след у кінаіндустрыі. Здаецца, што да гэтага пытання нам трэба будзе вярнуцца, калі ў мяне будзе хаця б тры поўнаметражных фільма. Але ж я, канешне, рады, што мае фільмы былі заўважаны, што мае праекты атрымліваюць фінансаванне ад міністэрства культуры Нямечынні. Таму, калі я маю такую свабоду, то самы верагодны адказ: я адчуваю сябе вельмі добра! 

Аляксей Палуян на паказе фільма “Возера радасці”

— Так, гэта сапраўды вельмі важна, калі няма ціску, пра што табе здымаць. Калі не трэба адпрацоўваць грошы, што табе далі…

— Алена, важнае ўдакладненне: не табе далі грошы, а ты атрымаў магчымасці. Гэта вялікая розніца. Канкурэнцыя ў Нямеччыне неверагодная. Усе туды едуць: вялікія таленты паўднёвых краін, не кажу пра сербскіх, харвацкіх, грэчаскіх рэжысёраў – яны ўсе даўно там. “Далі грошы” у Германіі не працуе. Мы атрымалі сродкі на фільм “Смеласць”, а ўвогуле ўсяго 8 дакументальных фільмаў тады было прафінансавана з усёй Нямечынні. І гэта мы яшчэ атрымалі фінансаванне да пратэстаў. Гэта быў сакавік 2020. Тады яшчэ не за тэму давалі сродкі! 

— Вы добра заўважылі мой такі вось постсавецкі наратыў, ты яго забіваеш, а ён усё роўна недзе да пралезе, фраза “далі грошы” – яна якраз пра гэта! У адным інтэрв’ю вы казалі, што сёння сучасны рэжысёр павінен быць і крыху прадзюсарам. “Беларусам, якія скардзяцца, што няма фінансавання, я магу сказаць: збірайце грошы, едзьце на кінарынак у Берлін, Ротэрдам, Каны і шукайце кантакты”. Вось як вы паступова бачыце гэты працэс? Што значыць едзьце і шукайце кантакты? Як іх шукаць?

— Калі мы кажам пра мой досвед, то я быў і рэжысёрам, і прадзюсарам усіх сваіх кароткаметражных фільмаў, што досыць складана. Але ж ва ўмовах кароткага метру спалучаць і мастацкія задачы, і тэхнічныя прадзюсерскія яшчэ магчыма. Калі гаворка ідзе пра поўны метр – гэта амаль не рэальна. 

Любога мастака характарызуе не то, што ён кажа пра сябе. Усе прадзюсары і людзі ў кінаіндустрыі глядзяць на твае працы. Калі ты пачынаеш, ты павінен сабраць пэўны кароткі метр, ты павінен разумець, што твае стужкі будуць разглядваць пад лупай.

На жаль, адразу здымаць поўны метр у Заходняй Эўропе табе ніхто не дасць. Як і не будзе выдаткоўваць навічку сотні тысяч еўра з падаткаў нямецкіх жыхароў. Таму важна сапраўды зрабіць шэраг кароткаметражных фільмаў, знайсці свой стыль, атрымаць магчымасць прэзентаваць свае працы на буйных кінафестываляў кароткаметражнага кіно, а пасля ты ўжо прадзюсарам можаш сказаць: у мяне ёсць новы праект, а вось мае мінулы фільмы і здымаю я гэтым стылі. Дакладна іншага шляху ў кінаіндустрыіі ў Нямечынні я не бачу. Так, ідэя фільма вельмі важную ролю іграе таксама, але прадзюсарскі давер узнікае, толькі калі чалавек бачыць, што ты ўжо зрабіў. 

— Фестываль – важная падзея, гэта магчымасць і сабе паказаць, і завесці патрэбныя знаёмства. Вашы фільмы актыўна прадстаўлены на важных кінафестывалях, два вашыя фільмы трапілі ў лонг-ліст прэміі “Оскар”. Як гэта працуе? Незалежныя фільммэйкеры, з якімі мы размаўлялі, вельмі па-рознаму з розным настроем адказваюць на гэтае пытанне. Мара Тамковіч кажа, што без падтрымкі акадэміі, якая і робіць заяўкі, было б больш складана. Уладзімір Казлоў – што ў цэлым кароткі метр яшчэ прасунуць можна, з поўным зусім бяда. Які ваш шлях? Якія высновы вы можаце зрабіць са свайго досведу?

Я адпраўляў свае фільмы сам на кінафестывалі – гэта магу параіць іншым. Кожны раз – новы досвед, які і дае табе разуменне, якія тэндэнцыі ў кіно, які падыход у канкрэтнага фестывалю, як людзі глядзяць кіно, што не адбіраюць фестывалі ў пэўных краінах. Хаця пакуль я здымаю, я пра гэта зусім не думаю, бо такія думкі толькі замінаюць. 

А пасля ўжо прыходзіць разуменне, куды лепш адправіць, што ўвогуле ты хочаш сказаць гэтым фільмам у пэўнай краіне. Важна не забываць пра якасць! Адна справа – уяўленні і чаканні, іншая – рэчаіснасць. Не хачу, каб гэта гучала так: маўляў, у мяне тут усе выдатныя фільмы. Проста хачу сказаць, што кароткага метра ў свеце здымаецца шмат. Гэты ж звычайна першы крок! Каб трапіць на добры кінафестываль, патрэбна прайсці праз вялікую канкурэнцыю. А праз яе магчыма толькі прайсці, калі маеш якасны фільм.

Паказ фільма “Смеласць”, акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

— Аляксей, падзеі 2020 года дастаткова аб’ёмна даследаваны, у вас таксама ёсць уласная рэфлексія на гэтую тэму – я маю на ўвазе фільм “Смеласць”. Пры гэтым ёсць устойлівае адчуванне, што беларускае кіно засталося ў 2020, а ўсё, што адбываецца зараз, застаецца па-за полем зроку камеры, бо гэта амаль немагчыма здымаць…

— Ці застаўся ён у 2020 годзе, мы зразумеем толькі, калі будуць зроблены новыя фільмы ці не будуць – пра рэчаіснасць, напрыклад, 2023 года. Калі вось у наступным годзе зноў будуць выпушчаны фільмы пра 2020 і пра тое, што адбылося з грамадствам, так, ужо можна будзе рабіць нейкія высновы. 

Я кожны раз думаў, што на “Смеласць” больш ніхто не прыйдзе! Але прыходзяць. Ці кінакрытыкі, якія прыязджаюць з Беларусі, каб паглядзець кіно, яны кажуць, што гэты матэрыял на іх тэрапеўтычна ўздзейнічае.

То бок я атрымліваю такія водгукі, якія я нават уявіць сабе не мог. Ты па-іншаму праз год асэнсоўваеш падзеі, герояў, іх лёс. Увогуле я лічу, што наадварот яшчэ шмат што не сказана, шмат што не асэнсавана пра падзеі 2020 года і іх рэха на нас. Толькі дакументальныя фільмы былі зняты пра гэты час – няма пакуль аніводнага мастацкага фільма. Ну толькі вось у Мары Тамковіч ёсць кароткі метр, ды зараз яна працуе ўжо над поўным. 

Што такое дакументальнае кіно – сфера, дзе ты не маеш дастатковай свабоды, бо ты ідзеш і наіраеш за жыццём сваіго героя альбо герояў. На мой пункт гледжання, мастацкае кіно – гэта ўжо вольнасць. І мне  сапраўды цікава было б прааналізаваць у мастацкім фільме “той бок” нашага грамадства – бок чыноўнікаў, у “Смеласці” была спроба зазірнуць у тыя вочы, зразумець, а што там адбываецца! Але ж зняць дакументальны фільм пра гэта, каб цябе не затрымалі, здаецца, не магчыма. Але магчыма зрабіць мастацкую стужку!

— Вы сярод заснавальнікаў Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Адна з мэт якой – глабальнае ўбудаванне ў еўрапейскі кантэкст. Якія галоўныя моманты ўбудавання вы вылучаеце і якія шляхі іх дасягнення бачыце?

Калі мы толькі пачыналі, наш першы зум быў з дырэктарам Еўрапейскай кінаакадэміі, ён тады сказаў: “Дзе вы былі раней, нам вас вельмі не хапала!” Гэта было вельмі прыемна чуць. І ў той жа час ты разумееш, што штосьці няправільнае адбывалася ў нашым кіно, калі табе такія словы кажуць у 2022 годзе, хаця сама Еўрапейская кінаакадэмія была створана ў лістападзе 1988 года. 

І ты сапраўды думаеш: 30 год прайшло, а дзе мы былі раней? А зараз трэба ўсе пачынаць з нуля – дый яшчэ людзям, якія ў выгнанні, якія яшчэ і не кінаменеджэры. Увогуле не павінна быць так, каб стварэнне арганізацыі абмяркоўвалі рэжысёры і прадзюсары. Але што маем, з тым і працуем. 

Галоўная мэта – каб беларускія аўтары сталі заўважнымі ў Заходняй Еўропе, каб кіно беларускіх незалежных аўтараў здымалася і яны маглі развівацца.

Як гэта зрабіць, калі ты не знаходзіш партнёраў і каляжанак у Еўропе? Так, у нас ёсць адзінкі, якія заўважны і маюць сваё месца пад еўрапейскім сонцам, але не ўсе! І тут важна думаць не толькі пра сябе, думаць і пра краіну ў цэлым, мець нейкую салідарнасць, адчуванне прыналежнасці. Мяне вельмі здзіўляюць людзі, якія пастаянна праводзяць нейкія сустрэчы, канферэнцыі дый абмеркаванні з тэарэтычнымі пытаннямі “Хто мы? Куды рухацца? Што рабіць?”

У той час, калі важна шукаць сродкі і партнёраў, каб здымаць кіно. Кіно жыве толькі тады, калі ёсць фільмы. Трэба шукаць, выбіваць грошы, замест гэтых незразумелых ілюзій для маладых, у якіх губляецца галоўны сэнс – магчымасць здымаць кіно. Не вучыць, як і пра што здымаць, а здымаць!

Аляксей Палуян з партрэтам палітзняволенай Марыі Успенскай

— Ну то бок я правільна разумею, што абмеркаванні, як здымаць ёсць, але ж яны аніяк не спрыяюць таму, каб малады незалежны беларускі фільммэйкер пайшоў і нарэшце пачаў? 

— Ёсць некаторыя людзі, якія будуюць ілюзіі. Людзі, якія зацыклены на тым, каб шукаць канцэпцыю, падыход, калі трэба здымаць кіно! Кіно – дакладная рэч, гэта не тэорыя, гэта адна вялікая практыка. Я – практык, мне сапраўды баліць, калі навокал шмат самападману, а маладыя людзі губляюцца і не разумеюць, куды рухацца. 

Грошы выбіваюцца на канферэнцыі, майстар-класы, а мне падаецца, што калі іх і выбіваць, то з кінафондаў на кіно.

Вы вось разумееце, што адна з нашых галоўных праблем – адсутнасць прадзюсараў. У нас на ўсю краіну іх паўтары чалавека. Калі няма такой прафесіі, пра якое кіно ўвогуле можна казаць? То бок окей? Ёсць шэраг рэжысёраў, якія павінны стаць у чаргу, каб іх праекты мог ацаніць еўрапейскі прадзюсар. 

Мы з калегамі і каляжанкамі з Кінаакадэмія сядзелі, галаву ламалі: з кім размаўляць, з польскай кінаакадэміяй ці з нямецкай, каб зрабіць праграму для беларускіх культурных менеджэраў, каб перакваліфікаваць іх у прадзюсараў. Ці вось кінафонд – а ці варта зараз пра яго казаць? А ці ўсведамляем мы ўвогуле, што ў нас няма спецыялістаў, якія дакладна разумеюць, што такое кінафонд, як ён функцыянуе? І мы сапраўды думаем, што трэба рабіць нейкую праграму, каб нашы менеджэры маглі на паўгады паехаць на практыку ў Берлінскі кінафонд альбо іншы, каб пабачыць і зразумець, як гэта ўвогуле ўсё працуе. 

Ты пачынаеш паглыбляцца і разумееш, наколькі ў нас мала спецыялістаў, каб эфектыўна працаваць у кінавытворчасці. Таму наша супрацоўніцтва з еўрапейскай кінаакадэміяй ужо дало нам крыху досведу, як гэта павінна працаваць. Задача знайсці тых, хто хоча вучыцца і працаваць.

— Вы вельмі слушна заўважылі, што беларускае кіно пакутуе крыху ад важных наратываў пра сэнс і канцэпцыю. У той час, калі любая самая грандыёзная ідэя складаецца з мноства маленькіх крокаў, якія незразумела, як рабіць.

У мяне шмат пытанняў – практычных пытанняў. І я разумею, што нашы людзі ўсе могуць рабіць, яны могуць быць выдатнымі спецыялістамі, ім проста патрэбны практычныя веды, досвед, магчымасці. І самае галоўнае – усё рэальна. Мы шмат камунікуем з еўрапейскімі кінаакадэміямі: яны хочуць дапамагаць! Ведаеце, гэта можа гучыць абстрактна, але ўваход ў еўрапейскую кінасупольнасць, пра які мы так шмат кажам, – гэта, хочам мы ці не, наша будучыня, без гэтага нам ужо нерэальна. Чым раней мы пачнем працаваць, тым нам будзе прасцей. І лепей для беларускага кіно.

У артыкуле выкарыстаныя фатаграфіі са старонак Аляксея Палуяна ў Facebook і Instagram.

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Type your search keyword, and press enter to search