Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

Мікіта Лаўрэцкі: “Я сноб, які не жадае здавацца снобам, жадае ўсім падабацца. Няўпэўнены ў сабе сноб – так наогул можна апісаць незалежнага рэжысёра”

8 верасня, 2023

Аўтарка Backstage Алёна Сойка паспела злёту пасварыцца і гэтак жа хутка памірыцца з беларускім незалежным рэжысёрам Мікітам Лаўрэцкім, адначасна прасякнуўшыся нясціплым абаяннем яго фільмаў. Але з першага погляду спадабаліся далёка не ўсе з іх – пра гэта і пагаварылі.

— Мікіта, давайце пачнем з галоўнага – з нядаўняга інтэрв’ю з Максімам Жбанковым, дзе я назвала вас дзіўным персанажам, а вас гэта закранула. Хацела б растлумачыць: я не спрабавала вас абязлічыць, пазбавіць нейкай суб’ектнасці, звесці да функцыі і вызначанаму вобразу. Хутчэй, гэтая рэпліка адносілася да вашай самапрэзентацыі, у якой ёсць пэўная знарочыстасць. Вы прагаласавалі за свой фільм у апытанні пра лепшыя фільмы часопіса Sight & Sound. Вы ў інтэрв’ю не раз казалі, што вы крыху сноб, які лічыць, што ў вас супер-кіно. Вы ўжо нават знялі фільм пра сябе! Вы гэта ўсё шчыра? Ці ў гэтым усё ж ёсць спроба прыцягнення ўвагі? Бо на эпатаж людзі якраз рэагуюць мацней, чым на ўмоўную мілавіднасць і зручнасць. 

— Я, сапраўды, не ведаю, пра які снабізм вы кажаце.

— У інтэрв’ю часопісу “Сеанс” гэта гучала, напрыклад…

— Ну а ў вас ёсць цытата, каб я мог па сутнасці адказаць?

— Вядома, зараз.

— Давайце.

— Вось, знайшла. “Шчыра кажучы, я піпец сноб. Мне здаецца, па фільму зразумела, што яго зняў чалавек, які: “Вы ўсё нічога не разумееце ў кіно, толькі я разумею, але мне ўсё роўна, калі гэты фільм ніхто не зможа глядзець”. Гэта – супер-фільм, я думаю. Але вам яго зразумець не дадзена”.

— Так, я ўспомніў. Дзякуй. Гэта такая цытата, як сказаць… дыялектычная. Ну там інтэрв’юер сказаў, што яму якраз здаецца, што мае фільмы пазбаўлены снабізму. Я вырашыў адказаць, што калі такія фільмы здымаю, то, мусіць, я і ёсць сноб. Калі б хацеў, каб максімальную колькасць людзей іх ацаніла, то напэўна б іншае кіно рабіў. Так, я першапачаткова свае густы як быццам бы супрацьпастаўляю камусьці. 

Парадокс мяне і, напэўна, іншых незалежных рэжысёраў у тым, што з аднаго боку – я хачу ўсім падабацца, хачу, каб мяне вялікая колькасць людзей любіла і глядзела. Але з іншага боку – не хачу мяняцца. 

То бок, гэта нікчэмная вельмі насамрэч пазіцыя. Я сноб, які, наадварот, не жадае здавацца снобам, жадае ўсім падабацца. Няўпэўнены ў сабе сноб – так наогул можна апісаць незалежнага рэжысёра. Фанабэрысты сноб, ён рэальна верыць у тое, што робіць. А я такі несапраўдны сноб.

— Вы зараз даволі шчыра сказалі пра няўпэўненасць, з іншага боку, вы цалкам упэўнена галасуеце за свой фільм “Мікіта Лаўрэцкі”. Гэта ўжо цягне на паводзіны ўпэўненага ў сваіх сілах і талентах чалавека…

— Ды не бывае ніякіх сур’ёзных галасаванняў у сферы фільмаў, ну ў чым сур’ёзнасць, калі проста трэба скласці свой топ? Па-другое, гэта абсалютна нармальна для рэжысёра прагаласаваць за свой фільм – не я першы, не я апошні. Можа быць, для чалавека, які не ў курсе, як праходзіць апытанне ў Sight&Sound, гэта гучыць сапраўды эпатажна. Ну вось, напрыклад, летась Джэймс Бенінг прагаласаваў за дзесяць сваіх фільмаў. І ўвогуле я там напісаў невялікі абзац, чаму раблю менавіта такі выбар.

Поўны спіс фільмаў, за якія галасаваў Мікіта, — па спасылцы. Пра свой фільм Мікіта напісаў наступнае: Добра, гэты хлопец –  на гэты раз літаральна я ва ўсіх сэнсах. Літаральна. Прагляд галерэі траўмаў у гэтым фільме прымусіў мяне адчуць тое, што не прымусіў ні адзін іншы твор мастацтва. Спадзяюся, калі вы адчуеце хаця б  1% ад гэтага — гэта ўжо азначае, што фільм можа вас знішчыць. Увогуле мае любімыя фільмы тыя, якія могуць гэта зрабіць. 

— Мікіта, наогул вы вучыліся на факультэце прыкладной матэматыкі. Як увогуле ў вашым жыцці з’явілася кіно?

— Не, кіно я любіў з дзяцінства, тады і спрабаваў нават нешта здымаць. Тут, хутчэй, трэба задаваць пытанне, чаму я вырашыў пайсці на факультэт прыкладной матэматыкі, калі я цікавіўся кіно і хацеў яго здымаць? Але тут па сутнасці на ўсё адзін адказ: а чаму не? Матэматыкай я, напрыклад, і да гэтага часу цікаўлюся, YouTube-каналы па рэкрэацыйнай матэматыцы. Я проста не думаю, што ў чалавека павінна быць адна нейкая цікавасць у жыцці і ён павінен, як конь, у адзін бок глядзець. Я паспрабаваў матэматыку, але зразумеў, што не ляжыць сэрца сур’ёзна ёю займацца, хаця я нейкі час працаваў нават у ліцэі БДУ выкладчыкам. Літаральна ў той жа год туды ўладкаваўся, калі выпусціў “Беларускага псіхапата”.

— Добра, а як вы наогул пачалі ўжо свядома займацца кіно? Гэта ж не так звычайна: устаў раніцай і думаю, дай пайду док-хорар пра сябе здыму?

— Ну прыкладна так і было. Я ўвогуле займаюся гэтым, таму што атрымліваю задавальненне, аддачу… Ніякай асаблівай рэфлексіі ў плане “а займуся я творчасцю” не было. Роўна як і пакутаў. І наогул: я не здымаю нейкія звышамбіцыйныя фільмы, дзе трэба суткамі не спаць.

А ўвогуле так, проста захацелася стварыць нешта, прадэманстраваць свету, не ведаю, гэта як бы прынесці крыху радасці людзям. 

І гэта атрымалася, як з адным з першых маіх фільмаў “Да Руфі” – там адразу была мэтавая аўдыторыя. Гэта значыць былі людзі, якія першапачаткова ведалі гісторыю гэтага чувака і дзяўчыну з Ютуба Роўз, у маёй фільме яе клічуць Руфь.

Я скарыстаўся момантам і такі: а здыму пра гэта прама зараз гісторыю. І насамрэч гэты фільм сабраў у інтэрнэце шмат праглядаў. Людзі сапраўды паглядзелі, пакідалі каментары. Я тады падумаў, што я прадуктыўны член грамадства, калі стварыў гэты фільм (смяецца).

— Пра суткамі не спаць… У вас для незалежнага фільммэйкера вельмі вялікая фільмаграфія. Якімі б простымі ў прадакшэне ні былі гэтыя карціны, гэта ўсё роўна час, рэсурсы, асабліва, калі паралельна трэба рабіць іншую працу, каб зарабіць і на жыццё, і на кіно. Як вы ўвогуле арганізуеце працэс здымак? Вось колькі прыкладна вам трэба часу, каб зняць фільм, ну скажам, хранаметражам “Сашына пекла”?

— Ну, “Сашына пекла” я арыентыровачна тыдзень здымаў. Імкнуўся не перанапружвацца, хоць менавіта тут не атрымалася, бо былі складаныя сцэны. Але наогул я стараюся заўсёды, каб у мяне не быў змен даўжэйшы за 8 гадзін.

— Мікіта, вы даволі часта самі здымаецеся ў сваіх фільмах. Гэта прадыктавана выключна тэхнічнымі момантамі, калі пры адсутнасці часу і грошай прасцей самому ўсё зрабіць? 

— Вунь Джэймс Кэмеран хацеў, каб доктара ў другой частцы “Аватара” гуляў Марк Мэрон. Праўда, той не пагадзіўся, бо гэта азначала б на паўтара гады з’ехаць у Новую Зеландыю, дзе адбываліся здымкі. Кэмерану прыйшлося наогул на гэтую ролю браць новазеландскага коміка Джэмена Клемента. Гэта я навошта кажу? Кэмеран – рэжысёр з неабмежаванымі рэсурсамі. А ўсё роўна ён не можа прымусіць чалавека пераехаць у Новую Зеландыю. Гэта пры яго магчымасцях, а ў мяне іх увогуле няма. 

Таму так: амаль усе мастацкія рашэнні ў маіх фільмах трэба разглядаць праз прызму таго, што выбару ў мяне звычайна вельмі мала. Калі я рабіў нейкія свае фільмы, у мяне часам быў акцёр, але потым аказвалася, што ён ужо не можа ці не хоча здымацца. Заўсёды ёсць варыянты, якія горш, чым я. Ёсць варыянты, якія лепш. І ў некаторых фільмах так атрымалася, што я быў не самым горшым варыянтам для таго, каб адыграць пэўную ролю, зыходзячы з тых рэсурсаў, якія ў мяне былі. 

У цэлым, вядома ж, гэта вельмі добры варыянт, калі ты сам можаш згуляць ролю ў аматарскім безбюджэтным фільме, таму што… Ты сам са свайго фільма не зліешся, не будзеш ленавацца, у цябе заўсёды будзе матывацыя. 

З іншага боку – у двух самых складаных сваіх фільмах з пункту гледжання прадакшэна “Каханне і партнёрства” і “Саша пекла” я не здымаўся як акцёр, таму што проста б не пацягнуў. Часта яшчэ бывае, калі я ўвогуле на пляцоўцы адзіны аператар, таксама ў кадры асабліва не пастаіш…

— Вы такі паслядоўны адэпт аўтафікшэна – крос-жанру, які змяшчае ў сябе і пэўную аўтабіяграфічнасць, і мастацкую выдумку. Але сутнасці гэты жанр – пра аўтарскі голас без перашкод. Вам не страшна так адкрыта казаць пра не самыя прыемныя рэчы? У тым жа “Мікіце Лаўрэцкім” вы цалкам выдатна канвертуеце свае дзіцячыя траўмы…

— Зноў жа, я так глыбока пра гэта не задумаўся, проста гэта настолькі натуральна для рэжысёра ці пісьменніка здымаць нейкія аўтабіяграфічныя працы. Мне здаецца, літаральна кожны вядомы пісьменнік напісаў кнігу пра сваё дзяцінства, і амаль усе рэжысёры нешта знялі і пра яго, і пра сваіх найбліжэйшых людзей, пра сваё каханне, пра сваю творчасць, пра сваіх бацькоў. Усё здымаюць пра тое, што яны ведаюць.

— Так, часцей за ўсё больш пранізлівыя рэчы, яны якраз атрымліваюцца, калі ты, уласна, пішаш пра тое, што ты ведаеш і разумееш. Я калі вучылася ў Літаратурным інстытуце, нас на першым курсе выкладчык якраз прымушаў пісаць пра сябе, лічачы, каб прэпараваць іншага, трэба пачаць з сябе. Ці я ведаю, што Марына Разбежкіна сваіх студэнтаў таксама просіць зняць нешта пра бацькоў. Для маладых рэжысёраў бывае вельмі няпроста з нейкай жорсткай сумленнасцю паглядзець на самых блізкіх людзей. Але я ўсё ж мела на ўвазе ў вашым выпадку некаторую завуаляванасць, з якой таксама можна расказаць тое, што цябе турбуе, вы ж выбіраеце максімальна прамалінейны падыход.

— Можа быць, сапраўды цяпер ёсць нейкая мода на большую шчырасць, гэта такая рэакцыя на тое, што ў 20 стагоддзі, падчас постмадэрнізму, усё было вельмі перакручана і завуаліравана. А зараз, наадварот, людзі жадаюць вярнуцца да шчырасці і сумленнасці. Плюс фільмы, на якіх я як бы рос і фармаваўся, (шматлікія і згаданыя ў маім бюлетэні для часопіса Sight and Sound), – гэта фільмы, якія вельмі прама апісваюць досвед пражывання тых ці іншых станаў. Напрыклад, мой любімы фільм пра адносіны, там нават імёны не зменены, гэта проста фільм пра каханне, зняты на камеру нізкай якасці. Увогуле, магчыма я (і мой падыход) проста ахвяра духу часу, у якім знаходжуся.

— То бок для вас гэта проста натуральна…

— Я неяк чытаў інтэрв’ю рэжысёра Джэфа Нікалса, калі ён зняў фільм Take Shelter. Я не люблю гэты фільм, мне здаецца, гэта якраз прыклад, дзе рэжысёр перамудрыў. Увогуле, там Майкл Шэнан выконвае ролю мужчыны, у якога як быццам бы на першы погляд паранаідальная шызафрэнія, яму здаецца, што хутка будзе канец святла, і ён спрабуе вырыць бамбасховішча ў сябе на ўчастку, сям’ю сваю мучыць тым, увесь час глядзіць на неба, яму здаецца, зараз будзе піпец. 

Я калі глядзеў, думаў, што ўсё нейкае вымучанае. А потым я прачытаў інтэрв’ю Джэфа Нікалса, ён распавёў, што рашэнне зняць такі фільм узнікла, калі ў яго з’явілася сям’я. Яны неяк гулялі з сабакам, звычайны летні дзень, глядзелі на аблокі, а аблокі былі такія чорныя, такія злавесныя, так у Нікалса і нарадзілася гэтая трывога. А я такі падумаў: блін, лепш бы, вось рэальна, зняў бы фільм пра тое, як ён са сваёй жонкай шпацыруе, выгульвае сабаку, глядзіць на аблокі. Усё было б значна лепш, чым вось гэты змучаны сюжэт, дзе Майкл Шэнан пучыць вочы і ў сваёй фірмовай манеры гуляе шызафрэніка. Навошта будаваць вось гэтыя гіганцкія канструкцыі, калі можна ўсё прасцей, пры гэтым дакладней распавесці?

— Жанр мамблкору звычайна звязаны найперш з нізкімі бюджэтамі і адстунасцю магчымасцяў. Тым не менш, шмат рэжысёраў выбіраюць гэты шлях асэнсавана. Для вас гэта што? Ці ёсць наогул мара здымаць больш паўнавартасна, на ўзроўні індустрыі, калі не ты сам жнец і на дудзе гулец, а праца дэлегавана і размеркавана?

— Па-першае, я думаю, што рэжысёр на любым фільме кантралюе ўсе бакі працэсу, ну, я не ведаю, прыйсці, каб усё было гатова, гэта хутчэй нейкі падыход не аўтарскага кіно, а там, можа, не ведаю, серыялаў пра паліцыянтаў. А так, вядома, хацеў бы мець больш рэсурсаў, каб рэалізоўваць свае амбіцыйныя ідэі, крута было б сапраўды мець вялікі бюджэт, каб Джэймс Кэмеран мяне запрасіў здымаць шостую частку “Аватара”. Але я заўсёды сябе пытаю, а ці заслужыў я гэтыя рэсурсы. То бок, магчыма, трэба даказаць, што я іх заслугоўваю, магчыма, трэба прыцягнуць больш аўдыторыі, каб заслужыць гэтыя рэсурсы. 

Калі якія-небудзь беларусы ці іншыя рэжысёры з майго атачэння знойдуць спосабы атрымаць вялікія бюджэты, паверце, я пайду па іх слядах, буду ўсяляк капіяваць, прызначу іх сабе ролевымі мадэлямі.

— Людзі часта выкарыстоўваюць, калі кажуць пра незалежнае кіно, тэрмін “аматарскае”. Звычайна гэтаму спадарожнічае такі крыху прыніжальны тон. 

— Я глыбока ўпэўнены, што ў некаторых сферах кінематографа аматарскае лепш, чым прафесійнае. Усе выдатна ж ведаюць, што прафесійныя порнафільмы ўжо пайшлі на другі план. Эпоха панаграфічных фільмаў з вялізным прадакшэнам, сюжэтамі, героямі-сантэхнікамі  ці садоўнікамі сышлі. 

Усе ідуць на PornHub, падпісваюцца на OnlyFans і глядзяць аматарскае порна. Прынамсі ў адным жанры аматарскае кіно атрымала перамогу над прафесійным. 

Наогул, я сам не думаю, што ў самім па сабе гэтым слове ёсць адмоўная канатацыя. Вядома, можа чалавек зневажальна казаць. Так, гэта раніць і крыўдзіць. З іншага боку, вось што такое аматарскае кіно? Кіно, якое не рэнтабельнае, якое не прыносіць прыбытак? Але так амаль усё еўрапейскае кіно не прыносіць ніякі прыбытак, а робіцца за гранты. З іншага боку, ёсць фільмы, якія выглядаюць як аматарскія, але іх амерыканскія незалежныя рэжысёры здымаюць, зарабляючы потым на іх мільёны.

— Хачу з вамі крыху яшчэ пагаварыць пра вайну, этыку і гумар. Ваш фільм “Жарты аб вайне”, калі вы яго выпускалі, вы разумелі, што гэта не проста правакацыйна, месцамі неэтычна, але яшчэ і проста жорстка ў адносінах да таго, што тады адбывалася ва Украіне і адбываецца да гэтага часу?

— Я думаю, жорстка забіваць людзей або катаваць іх, жорстка здзяйсняць ваенныя злачынствы, асэнсоўваць вайну ў мастацтве – гэта не толькі не жорстка, думаю, гэта ў цэлым неабходна. Так, комікі і стэндап-комікі – гэта, скажам так, першая лінія асэнсавання нейкіх крызісаў, войнаў, жудасны фантазій і складанай рэальнасці. Фільмы здымаюцца па некалькі гадоў, раманы могуць пісаць дзесяцігоддзі, а комік ужо ў прынцыпе на наступны дзень можа жартаваць. 

Вунь вясной яшчэ мінулага года ўкраінскі комік Фелікс Рэдзька выпусціў стэндап у бамбасховішчы. Ну я таксама зняў, дакладней нават змантаваў фільм пра тое, як вось беларускі комік Леха Суханок асэнсоўвае тое, што адбываецца.

— Так, у апісанні заяўлена, што галоўны герой перажывае жах вайны пры дапамозе правакацыйных жартаў на гэтую тэму. І што гэта па сутнасці механізм самаабароны. Але жарты настолькі тупыя і недарэчныя, што герою ты сапраўды не суперажываеш. Асабліва, калі ён жартуе, а на экране – кадры разбуранай мясцовасці ці ваеннапалонныя, якія стаяць на каленях, а Суханок у гэты час ржэ і кажа нешта  кшталту “Вовчик, который умеет порадовать”!

— Ну я не магу несці адказнасць за жарты Лёшы, гэта ён іх стваральнік, гэта яго зона адказнасці, камусьці смешна, камусьці не смешна, гэта заўсёды суб’ектыўна, але думаю, што так, гэты высакародны занятак — стэндап на тэму якіх вось вострых з’яў. Складанае, неадназначнае, але якое патрабуе як мінімум смеласці.

— Ну вы ж неяк абралі коміка, вы ж не будучы глухім збіралі гэты фільм?

— Я разумею ваша абурэнне гэтым фільмам, праўда разумею, хоць я і шмат станоўчых водгукаў на яго атрымаў таксама. Наогул можна сказаць, што гэты фільм сам мне з’явіўся. Я глядзеў яго сторыс, яго ціктокі, тое, што ён мне асабіста дасылаў, распрацоўваючы на мне нейкія матэрыялы. 

Наогул тыя ж сторыз у інсце ці ціктокі, якія змяняюцца адзін за адным, гэта ўжо ў вызначаным сэнсе своеасаблівае кіно. 

Нават гэты кантраст паміж жартамі пра вайну і кадрамі вайны, пра які вы ўспомнілі, прыдуманы не мной. Гэта ж кантраст, які натуральным чынам складаўся ва інстаграме на той перыяд часу. Ну і мая задача як мастака найперш тут была не ў тым, каб асэнсоўваць, выяўляць стаўленне, а ў тым, каб адлюстраваць гэты вобраз вайны і вобраз такога вось героя.

— Я зараз падумала, як гэта праўда цікава ў мозгу ўладкавана. Я бачу гэтую эклектыку, неспалучальнасць у вашым фільме і яна мяне раніць. А перад інтэрв’ю я лістала цік-ток, але там жа па сутнасці тое ж самае: вось кадры выступу Зяленскага з нагоды незалежнасці Украіны, вось навіны пра смерць Прыгожына, вось украінскія ваеннапалонныя ад бяссілля падаюць на зямлю, апынуўшыся дома. Яшчэ следам хтосьці проста тупа танчыць пад дурную песню, следам жа — ізноў нейкія жудасныя кадры разбуранага Бахмута. Далей зноў  танцы. І так па коле.

— Так, так, гэта сапраўды адтуль, я тут асоба нічога не прыдумляў, таму гэта адзін з тых фільмаў, якія я, на жаль, не магу так глыбока каментаваць, проста таму што тут не такая вялікая частка маёй прыдумкі. Я проста захаваў нейкі злепак таго, што я бачыў сам, таго, што было перад маімі вачыма. А ці варта было гэта рабіць, варта было гэта публікаваць, я прытрымліваюся таго, што ўвогуле гумар па сутнасці справа высакародная – ператвараць трагічнае ў камічнае. Вунь Фелікса Рэдзьку на канцэртах ва Украіне таксама многія крытыкуюць за недарэчныя жарты.

А мне вось наогул здаецца, што самы найвялікшы фільм пра Другую сусветную вайну – “Жыццё і смерць палкоўніка Блімпа”, вельмі кранальны і адначасова камедыйны. Або “Вялікі дыктатар” Чапліна – таксама пра вайну, але гэта таксама камедыя.

— Дарэчы, пра жанры. Складаецца адчуванне, што хорар для вас – гэта адзін з лепшых у свеце жанраў. Чым ён вас прываблівае? У вас нават док-хорар ёсць, дарэчы.

— Хорар, вядома, адзін з лепшых жанраў сапраўды, таму што там страх, агіда, жах – гэта ўсё эмоцыі, пачуцці, якія з’яўляюцца аднымі з наймацнейшых. Менавіта таму хорар і не страчвае сваёй папулярнасці. Адзін з самых доўгаіграючых жанраў — і сто гадоў таму людзі глядзелі хорары, і зараз глядзяць. Калі там людзі ўспамінаюць лепшыя фільмы 30-х, то не ведаю, ці змогуць яны назваць фільмы, якія, дапусцім, Оскары ў 30-е выйгравалі? Але класічныя хорары назавуць многія. “Вырадкі” Тода Браўнінга, яго ж фільм “Дракула” з Белай Лугошы ў галоўнай ролі.

“Вырадкі” – гэта наогул адзін з маіх любімых хорараў да пытання аб шэдэўрах жанру. Я думаю, гэта фільм, які наогул ні на секунду не састарэлы. Вестэрны, меладрамы ці камедыі – яны як быццам часцей і імклівей састарваюцца. 

Хорары валодаюць такой энергіяй, якая нават на працягу ста гадоў захоўваецца. Ну, вядома, хацелася б, каб і мае фільмы можа праз сто гадоў людзі глядзелі і казалі, што яны класныя. Наогул гэта яшчэ і ўнікальны жанр, які дапамагае асэнсаваць любы жах. 

А яшчэ ўсё залежыць ад таго, хто як дае азначэнне гэтаму жанру. Вось вы лічыце фільм “Ідзі і глядзі” хорарам? Ён зразумела, што эклектычны, але гэты элемент, мне здаецца, у поўнай меры таксама там прысутнічае. Увогуле наймацнейшы хорар апошніх дзесяці гадоў – гэта “Жабіная сцежка”. У ім ёсць вось элемент такой пост-дакументалістыкі, таму што там фантастычны сюжэт пра таямнічую акультную сцежку ў лесе змантаваны з рэальнай трагедыяй. 

— Як вы бачыце будучыню беларускага кіно? У якім напрамку, як вам здаецца, варта развівацца?

— Ведаеце, я ўвогуле зразумеў, што для мяне катэгарызацыя па нацыянальнай прыкмеце вельмі адносная, абстрактная. Калі вельмі здалёку глядзець, то праекцыя ўзнікае, але калі бліжэй падысці, вы ўбачыце разрозненых аўтараў, вытворцаў фільмаў, якія знаходзяцца хто дзе, пераследуючы розныя мэты. У свеце пры тым гэтак жа. Галоўны амерыканскі рэжысёр у Галівудзе цяпер – Джэймс Кэмеран, але ён з Канады. 

Або вось еўрапейскае кіно. Краіны здымаюць фільмы сумесна. Бывае, складана сказаць, чый увогуле фільм – нямецкі ці французскі. Як вымераць: па нацыянальнасці рэжысёра ці па краіне, якая больш дала грошай на вытворчасць гэтай карціны? Гэта не значыць, што катэгорыі беларускага кіно няма і не будзе, хутчэй – што цяпер ужо сапраўды яе вельмі складана апісаць і вымераць. А калі я нават не магу яе апісаць, усвядоміць на сённяшні дзень, дык як магу прадказаць яе развіццё?

Галоўнае, што я думаю – нам не трэба імкнуцца да глабальнага першынства. У кіно заўсёды ёсць дэфіцыт выразных, універсальных, кранальных гісторый. Іх ніколі не здымаюць зашмат, таму калі зняць нешта такое, то знайсці аўдыторыю будзе нескладана.

Алёна Сойка

Backstage.Belarus

Related article
“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”

“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”

Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Type your search keyword, and press enter to search