“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Але насамрэч з’езд фільммэйкераў, арганізаваны BFN, хутчэй падсвяціў не праблемы, а патэнцыял беларускага незалежнага кіно. Гэты патэнцыял асабліва заўважны зараз, на фоне той складанай сітуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь і ўся наша культура ў цэлым.
Мае тэзы могуць камусьці здацца залішне аптымістычнымі, але мы жывем у час, калі бачыць магчымасці нашмат карысней, чым аддавацца засмучэнню:
1. Многія працягваюць сумнявацца ў тым, ці існуе беларускае кіно. Але ёсць факт, з якім не паспрачаешся: беларуская кінасупольнасць дакладна ёсць. Прычым, гэта не група разрозненых творцаў, якія гатовыя грызці адзін аднаго за спінай, а хутчэй нейрасетка, складзеная са мноства сінапсаў-сувязей, якія здольная прапускаць праз сябе і ўзмацняць творчыя імпульсы.
Цешыць тое, што супольнасць цяпер развіваецца па прынцыпе, агучаным кінакрытыкам і культурнай дзяячкай Ірэнай Кацяловіч: “Няхай квітнеюць усе кветкі”. Хоць Кінаакадэмію і BFN хтосьці можа палічыць канкурэнтамі, гэта не перашкаджае ім удзельнічаць у сумесных мерапрыемствах і прасоўваць беларускае кіно, кожны на сваім участку.
Беларуская незалежная кінаакадэмія распавядае пра сваю дзейнасць. Фота: Backstage
2. Выступ Кінаакадэміі запаў у душу многім удзельнікам з’езда. Не буду хаваць, і мне. Сузор’е таленавітых беларусаў і беларусак, якія ўзялі на сябе місію прасоўваць і паляпшаць імідж нашага незалежнага кіно ў свеце – гэта вельмі рамантычны вобраз. Часам на сцэне яны выглядалі як васьмёрка супергерояў, кожны са сваёй суперсілай, якія ўзяліся выканаць амаль невырашальную задачу. Пажадаем ім у гэтым поспеху.
3. У беларускага кіно з’явіўся свой стрымінг – Vodblisk. І ёсць адчуванне, што гэты праект дапаможа развіццю кіно нават больш, чым фестываль “Паўночнае ззянне”, які ўжо ўнёс свой вялікі ўклад і водбліскам якога першапачаткова і з’яўляўся новы анлайн-кінатэатр.
Лідаркі праекту Воля Чайкоўская і Юлія Самайлоўскіх робяць важную рэч: прывучаюць усіх да таго факту, што з’яўленне новага беларускага фільма на пляцоўцы – гэта падзея. Для гледачоў, медыя і, галоўнае, саміх стваральнікаў фільмаў. Гэта тая віртуальная сцэна з сафітамі, да якой будуць імкнуцца дзесяткі і сотні творчых беларусаў, і якой вельмі не хапала.
4. На івенце давялося сустрэць мноства людзей, якія інвестуюць сваю энергію, каб беларускае кіно рухалася наперад. Гэта і ветэраны гэтага руху як Януш Гаўрылюк, які прысвяціў справе папулярызацыі беларускага кіно шмат гадоў, ствараючы фестываль “Бульбамуві”. І новае пакаленне, якое ўвасабляе рэжысёр Яўген Лыткін, які падкупае сваёй прагай дзяліцца досведам і практычным падыходам да стварэння кіно.
Ёсць удалыя прыклады і мікса некалькіх пакаленняў, якія гарманічна працуюць разам, а менавіта прадстаўнікі каманды “Чын-чын чэнела” Міхаіл Зуй і Андрэй Кашперскі, якія з дапамогай гумара і сакрэтнага “безадказнага” метада могуць зняць фільм за паўтара дня.
5. Асобна трэба ўзгадаць пра медыя. Як казаў адзін з арганізатараў з’езда прадзюсар Леанід Каліценя, беларускае кіно існуе, калі яго абмяркоўваюць. І таму вельмі важна, што ў нашай нейрасетцы фільммэйкераў ёсць людзі, якія выпускаюць імпульсы ў агульнабеларускую інфармацыйную прастору. Прыемна назіраць, як сістэмна і глыбока гэта робяць журналісты Тарас Тарналіцкі і іншыя журналісты, якія не проста пішуць пра кіно, а з’яўляюцца важнай часткай кінасупольнасці.
Наш сегмент нішавых выданняў для творцаў, у якім прадстаўлена медыя Backstage, пакуль толькі пачынае фармавацца. Але было вельмі карысна і прыемна атрымаць зваротную сувязь ад тых, пра каго мы пішам і для каго працуем.
Яна Барысава і Павел Пяцько – кофаўндэры медыя Backstage на з’ездзе. Фота: Ксенія Гайдук.
Дарэчы ў медыясектары на досыць высокім узроўні захоўваецца цікавасць да кінакрытыкі, але з тым каб прафесійна ўвайсці ў гэтую сферу дзейнасці беларусам не хапае адукацыйных магчымасцяў. “Хачу займацца кінакрытыкай і рабіць гэта якасна, але патрэбна адукацыя. Дзе яе атрымаць, пакуль невядома”, – расказала нам аўтарка блога пра кіно “Чартоўскі добрая кава” Яна Тарасевіч.
6. Асабіста мяне ўразіла новая хваля беларускіх студэнтаў. Маладыя беларусы і беларускі зараз масава паехалі вучыцца ў еўрапейскія ўніверсітэты. Цікава, што яны ўжо маюць новы майндсэт, плануючы сваю будучыню адразу ў еўрапейскай перспектыве. Напрыклад, рэжысёр Арсеній Алейнік, маючы бюджэт у некалькі тысячаў еўра, зняў 49-хвілінны фільм на чэшскай мове Comfortable guy. Далей ён плануе актыўна прасоўваць свой брэнд праз старонку ў Інстаграм і нават выпусціць мерч фільма.
7. Ну і напрыканцы некалькі слоў пра арганізатараў мерапрыемства – BFN. Мне заўсёды падабаўся падыход Леаніда Каліцені, які як прадзюсар імкнецца быць сваеасаблівым венчурным капіталістам у галіне кіно.
Але каб такі шлях быў паспяховым, нашай кінасупольнасці не хапае таго, што ёсць у беларускіх стартапераў: экасістэмы, якая спрыяе з’яўленню новых прадуктаў. А таксама адпрацаванага механізму вывядзення іх на глабальныя рынкі.
Зараз, дзякуючы намаганням каманды BFN, гэтая экасістэма пачала выбудоўвацца значна хутчэй.
Арганізатарам удалося запрасіць на з’езд знакамітага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі. Фота: BFN
Але не гледзячы на ўсю важнасць экасістэмы, галоўным застаецца само кіно. І сэнсы, якія яно генеруе, на што пад час мерапрыемства не адзін раз звяртаў увагу Максім Жбанкоў.
Новае беларускае кіно паступова з’яўляецца: у выглядзе кранальных стужак Юліі Шатун ці жыццёвых гісторый Улады Сяньковай. Або ў выглядзе аскепкаў суровай беларускай рэчаіснасці, якая пераносіцца на вялікі экран, дзякуючы таленту і харызме Мары Тамковіч.
Цікава, што ў гэтыя ж дні ў адным з буйных кінатэатраў Варшавы ў шосты (!) раз паказвалі дакументальны фільм Аляксея Палуяна “Смеласць”. І шосты раз зала была цалкам запоўненая гледачамі, значная частка якіх размаўляла па-польску.
А калі цікавасць да беларускага кіно ёсць нават цяпер – у гэты змрочны для ўсёй беларускай культуры час, то магчыма і світанак ужо не так далёка.
Фота на вокладцы: BFN
Backstage.Belarus
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…
Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…