Медыя пра беларускае кіно і папулярную культуру. Мост паміж крэатарамі Беларусі і Украіны

Menu & Search

“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”

4 кастрычніка, 2024

Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі з камандай BFN – ініцыятывы, скіраванай на развіццё беларускага незалежнага кіно пра чаканні, пазітыўныя тэндэнцыі ў індустрыі і магчымасці для беларусаў на рынках іншых краін. 

Галоўнае адрозненне другога мерапрыемства ў тым, што падзея будзе канцэнтравацца не толькі на ўзмацненні сувязяў у беларускай кінасупольнасці, а таксама і на магчымых шляхах інтэграцыі ў кінаіндустрыі краін ЕС. Арганізатары лічаць, што інтэграцыя ў еўрапейскія кінарынкі — лепшы кірунак развіцця. 

— Цяпер у беларусаў два шляхі — або інтэгравацца ў сусветны рынак, або легчы і памерці. Кіно гэта глабальны культурны феномен. Калі беларускае кіно будзе арыентавацца толькі на беларусаў, не ўлічваючы сусветныя тэндэнцыі кантэксты — гэта будзе кіно ў закрытай капсуле, кіно без будучыні і развіцця. Таму інтэграцыя — гэта пытанне жыццяздольнасці, — кажа кінапрадзюсар Леанід Каліценя. 

Але ў прадстаўнікоў каманды арганізатараў розныя погляды на інтэграцыю ў кінаіндустрыю іншых краін. 

Рэжысёр Уладзімір Казлоў даволі скептычна ставіцца да сітуацыі, калі кінематаграфісты будуць інтэгравацца на рынкі іншых краін, але пры гэтым не будуць здымаць беларускія фільмы. 

— Мне падаецца, што важней, каб мы падтрымлівалі беларускае кіно, а не інтэграцыю беларускіх кінематаграфістаў у інтэграцыю іншых краін. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што ёсць некаторыя магчымасці, пра якія беларускія кінематаграфісты могуць не ведаць. І мы хочам падзяліцца з імі гэтымі магчымасцямі”.

Каардынатарка праграмы Дзіна (ад рэд. – гераіня папрасіла не называць яе прозвішча з улікам пытанняў бяспекі) мае супрацьлеглае меркаванне:

—  Разнастайнасць — гэта добра. Хтосьці з фільммэйкераў распачне працаваць на сусветны рынак, хтосьці працягне канцэнтраваць сваю творчасць на нацыянальнай тэматыкі, яшчэ хтосьці пойдзе шляхам недзе паміж гэтымі двума варыянтамі. Так, як робяць беларускія фільммэйкеры, зробяць толькі беларускія фільммэйкеры, а нашая справа падтрымаць іх у тым кірунку, які яны абяруць.

Наконт таго, ці зацікавяць беларусаў фільмы, арыентаваныя на заходняга гледача, то ўсе мы людзі ў першую чаргу і культурніцкі код канешне важны складнік, але не адзіны. Апроч нацыянальных асаблівасцяў ёсць і агульначалавечыя тэмы. 

Па-другое, беларусы ўпісаны ў глабальны кантэкст, беларусам цікава не толькі тое, што адбываецца ў нас, але й тое, што адбываецца ў свеце. На мой погляд, яскравыя рыса беларусаў — быць шырэй за сябе, цікавіцца вонкавым, быць адкрытымі да ўсяго свету. Таму і фільмы беларусаў цікавяць розныя: як з нацыянальным культурным кодам нашай краіны, так і з культурным кодам іншых краін.

Але што тычыцца канкурэнтаздольнасці беларусаў на еўрапейскіх рынках, то ў камандзе адна думка — калі дапамагчы беларусам інтэгравацца на новых рынках, яны хутка пакажуць высокі ўзровень. Самай галоўнай перашкодай з’яўляецца менавіта неабходнасць адаптацыі ў абсалютна новых умовах. 

— Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся. Для большасці гэта новае асяроддзе, тут працуюць зусім іншыя прынцыпы і працягнуць альбо распачаць працу не так проста. Няма напрацаванай базы кантактаў, няма роўдмапы як і што рабіць”,  — кажа Дзіна. 

Уладзімір Казлоў адзначае, што канкурэнцыя вельмі высокая. 

— Каб стаць рэжысёрам ці сцэнарыстам у нейкай краіне, трэба спачатку вучыцца ў гэтай краіне, а потым пачынаць працаваць. Але ёсць тэхнічныя прафесіі. Беларускія аператары ці рэжысёры мантажу мала чым адрозніваюцца ад сваіх еўрапейскіх калег. Адзіная іх праблема можа быць у тым, што яны не жылі ў гэтай краіне, не інтэграваныя. І тут усё залежыць ад таго, наколькі фільммэйкер або фільммэйкерка  зможа сябе прадаць. У нашых рэаліях гэта даволі важны навык. 

У гэтай няпростай сітуацыі арганізатары бачаць і шмат пазітыўнага. Беларускія фільммэйкеры зараз атрымліваюць якасны і разнастайны прафесійны досвед па-за межамі сваёй краіны. Далей можна будзе адаптаваць гэты досвед пад сітуацыю і вырашыць шэраг задач у беларускім кінематографе. Можна назіраць уздым цікавасці да нацыянальных, унутраных тэм. Беларускія фільммэйкеры зараз крэатывяць як ніколі за апошнія 10 год. Ёсць тэндэнцыя аб’ядноўвацца ў творчыя супольнасці, партнёрыцца і калабаравацца (галоўная мэта BFN: фармаванне дынамічнай сеткі гарызантальных крэатыўных камунікацый). Гэта разам мае моцны пазітыўны ўплыў на кінасферу. 

Варта адзначыць, што арганізатары прыкладаюць намаганні са свайго боку, каб дамагчыся пазітыўных зрухаў. Напрыклад, у межах BFN працуе інкубатар мікрабюджэтнага кіно, які дае маладым рэжысёрам і рэжысёркам  магчымасць дэбютаваць у поўным метры. 

“Завяршаецца першы сезон інкубатара, і ў нас амаль скончаны два поўнаметражныя мастацкія фільмы. І гэта беларускія фільмы. Калі казаць пра пазітыўны тэндэнцыі, то я спадзяюся, што наш інкубатар мікрабюджэтнага кіно — гэта тая самая пазітыўна тэндэнцыя”.—  дзеліцца сваімі думкамі Уладзімір Казлоў

Другі З’езд беларускіх кінематаграфістаў пройдзе ў кастрычніку ў Берліне. Фармат Баркэмпа прадугледжвае актыўны ўдзел з боку ўдзельнікаў з’езду ў фармаванні праграмы. Палова будзе складацца з сесіяў, якія прапануюць арганізатары, другая ж палова будзе напоўнена выступамі, якія правядуць самі ўдзельніцы і ўдзельнікі з’езду. 

BFN абяцае прадставіць шырокі ахоп экспертаў з кінаіндустрыі: будуць як прадстаўнікі беларускай кінаіндустрыі — кінакрытыкі, прадзюсары, сцэнарысты, спецыялісты па гуку, так і замежныя прадстаўнікі кінашкол, праграм падтрымкі для фільммэйкераў, прадзюсары. 

Backstage будзе прысутнічаць на з’ездзе і ўжо хутка падзеліцца ўласнымі назіраннямі пра тое, чым жыве беларускае кіно.

Яна Барысава

Backstage.Belarus

Related article
Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Што такое пітчынг у кіно? Спыталі ў кінапрадзюсара

Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Дзіўная калонка пра Купалаўскі тэатр, страту і (раптоўна!) кіно

Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Зміцер Папко: “Па ўзроўні было бачна, што здымаецца галівудскі блакбастар – на пляцоўку каманда прыязджала на пяці аўтобусах”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Жыве Беларусь”, а таксама вядомы…

Type your search keyword, and press enter to search