Мікіта Бялевіч: “Ствараючы кантэнт па-беларуску, я адчуваю, што стаю ля вытокаў чагосьці важнага”
Вядучы праектаў “Годна” расказаў Backstage пра беларускую музыку, любімых ціктокераў…
Уладзімір Казлоў – найперш вядомы пісьменнік, які пры гэтым з 2013 года здымае ігравыя фільмы. Раманы “Гопнікі”, “Школа”, “Варшава”, “Попс” і шмат іншых распавядаюць нам пра не самыя прывабныя бакі жыцця.
— Калі гугліць ваша імя і чытаць рэцэнзіі, два словы сустракаюцца часцей за ўсё – андэграўнд і скандальнасць. Адчуванне, што з першым вы ўжо зрадніліся. А што наконт эпатажнасці?
— Пра андэграўнд казаць больш прыемна, чым пра скандальнасць. Але пачнем усё ж з яе. Калі чалавек успрымае нешта як скандальнае, гэта больш сведчыць пра абмежаванасць поглядаў і нават нейкую крывадушнасць. Людзі не гатовыя да таго, што наша рэальнасць сапраўды бывае досыць жорсткай і непрывабнай, таму ім прасцей сказаць, што гэта няправільныя рэчы, гэта “чарнуха” – яшчэ адно, дарэчы, “добрае” слова. Ну вось просты прыклад з матам. Шмат хто чуе яго паўсюль і нікога ён не бянтэжыць, усе неяк змірыліся, але калі гэта ў мастацкім творы – то не, такого не павінна быць, вы што!
Я сам лічу, што ва ўсім, што я раблю, нічога скандальнага няма! Гэта проста адлюстраванне рэальнасці, у якой мы знаходзімся.
Наконт андэграўнду – гэтае слова стала некалькі зацёртым і не заўсёды зразумела, што маецца на ўвазе… Але ж для мяне гэта вельмі важны тэрмін. Па-першае, ён прадугледжвае магчымасць працаваць па-за межамі індустрыі, не мець камерцыйных, прадзюсарскіх, цэнзурных і іншых ціскаў. Мець максімальную творчую свабоду, якая абмежавана можна быць толькі нейкімі тэхнічнымі і фінансавымі магчымасцямі. І так, для мяне лепш няхай будзе менш грошай, чым калі табе іх дадуць і будуць дыктаваць, што рабіць.
Мне падабаецца такая канцэпцыя, калі ты працуеш, займаешся чымсьці, а частку грошай сваіх траціш, каб рабіць у творчасці тое, што падабаецца асабіста табе. Вось гэта для мяне андэграўнд! Яшчэ момант, што тут ты не звязаны з нейкай цэхавай салідарнасцю, лаяльнасцю да прадзюсараў – проста можна быць больш шчырым!
—То бок індустрыя – гэта абсалютнае зло? Бо гучыць гэта неяк так…
— Вось, вось. Не, я не хачу, каб мае словы гучалі менавіта так: індустрыя – адназначна дрэнна, андэграўнд – добра. Кіно гэта ў цэлым пра індустрыю. Ёсць добрае якаснае камерцыйнае кіно. І крута, што яно існуе, на яго можна знайсці грошы.
Іншае справа, калі камерцыяналізіруецца аўтарскае кіно. Калі аўтар павінен сядзець з прадзюсарам і ўлічваць кан’юнктуру, пра што здымаць, як здымаць, каб трапіць на той ці іншы фэст. Вось гэта мне хутчэй не падабаецца.
Што тычыцца, напрыклад, Беларусі, бо зараз шмат абмяркоўваюць пытанне пабудовы той самай індустрыі, каб яна нарэшце ў нас была… Можна ствараць яе, пачынаючы з малабюджэтных праектаў, якія будуць здымацца за сімвалічныя грошы, але будзе магчымасць для дэбютантаў ствараць свой поўны метр. Але будаваць яе трэба, выконваючы важны прынцып: не ўмешвацца занадта моцна ў творчы менавіта працэс. Але з той палітычнай абстаноўкай у краіне – ну вы самі разумееце…
— Многія вас сапраўды больш ведаюць як пісьменніка і могуць зараз здзівіцца: а вы яшчэ і рэжысёр. Таму, раскажыце, калі ласка, крыху пра гэтую частку сваёй творчай біяграфіі.
— Шлях у рэжысуру быў доўгім, трэба сказаць. Першае маё сутыкненне адбылося ў 2003 годзе, адразу пасля таго, як у мяне выйшла першая кніга. Мяне запрасілі пісаць сцэнар да фільма “Гульні матылькоў”. У мяне засталіся досыць супярэчлівыя ўражанні. З аднаго боку, кіно, яно мяне заўсёды вельмі цікавіла, але вось індустрыя больш абламала.
Пасля гэтага было яшчэ некалькі спробаў штосьці зрабіць, але нічога не атрымалася. Але потым адбылася, скажам так, тэхналагічная рэвалюцыя, якая зрабіла даступнымі сродкі кінавытворчасці. Кіно стала магчыма здымаць па-за межамі індустрыі. А я заўсёды цаніў такі андэграўндны, незалежны, партызанскі падыход. І вось у канцы 2010-га мне напісаў чалавек Жэня Графаў, які сказаў, што хоча зняць фільм па раману “Плацкарт”. На жаль, кінаправы менавіта на гэты твор былі прададзены, таму прыйшлося адмовіць. Але мяне здзівіла тады, што недзе далёка ад мяне ёсць чалавек, які хоча вось так штосьці рабіць. Мяне гэта ўразіла, я падумаў, што трэба з ім скааперавацца. Успомніў пра сваю аповесць “Дзясятка”, зразумеў, што яе можна адаптаваць. Я прапанаваў гэты праект Жэні, які выступіў як прадзюсар і другі рэжысёр. Так вось я зняў свой першы фільм. Пасля гэтага я і працягваў здымаць такое малабюджэтнае, незалежнае кіно. У Расіі ў мяне выйшла пяць ігравых поўнаметражных фільмаў і адзін док. Самы апошні свой фільм я зняў ужо ў Беларусі – гэта акурат “Лета 1989”.
Уладзімір Казлоў на здымках фільма “Лета 1989”.
— “Лета 1989” моцна адрозніваецца ад вашых папярэдніх стужак. Гэты фільм далікатней, мякчэй, няма там уласцівага вам гіперрэалізму, узмоцненай рэзкасці. З чым звязаны такі эксперымент?
— Вы абсалютна маеце рацыю. Ідэя была ў тым, каб зрабіць штосьці іншае. Штуршком сталі, як гэта ні дзіўна, пратэсты ў Беларусі 2020 года. Я ў той момант адчуў сябе ў большай ступені беларусам, як бы пафасна гэта ні гучала. Я на 100 адсоткаў беларус, проста жыў апошнія гады ў Расіі. Тое лета, пратэсты, тая надзея, што нешта зменіцца, тыя жудасныя рэпрэсіі – усе гэта мяне моцна ўразіла. І мне захацелася зняць фільм у Беларусі, хаця я разумеў, што гэта будзе занадта складана. Але гэта было такім дадатковым выклікам. Таксама для мяне было важна, каб гэта быў беларускі фільм па матэрыяле, але я катэгарычна не хацеў рабіць нічога кан’юнктурнага. Пра ўсе тыя свежыя падзеі, пра скрадзеныя выбары, пра пратэсты… Я не кажу, што пра гэта нельга казаць на мове ігравога кіно, але ж павінна быць нейкая дыстанцыя, каб атрымалася сапраўдная рэфлексія.
І я падумаў тады: а чаму б не зайсці зусім з іншага боку? Напрыклад, зняць фільм, падзеі якога адбываюцца шмат, шмат гадоў назад. Паглядзець, а на што спадзяваліся, пра што марылі героі ў свае 17 год, якія зараз былі б маімі равеснікамі. Перакінуць мосцік у момант сёння і задаць пытанне: а ці аказаліся яны ў той рэальнасці, у якой хацелі жыць? Што ўвогуле адбылося з тым будучым, на якое мы разлічвалі?
— Фільм зняты ў чб-фармаце. Наколькі складана з ім працаваць? Вы вырашылі здымаць менавіта так, бо гэта больш дакладна адпавядае тэме мінулага, дае магчымасць для стылізацыі?
— Чб-колер пры штучным асвятленні – сапраўды складаны, там могуць быць нюансы. Але мы здымалі пры натуральным, таму, бадай, з аператарам абмеркавалі ўсяго некалькі тэхнічных момантаў. Чб як інструмент сапраўды можна выкарыстоўваць па-рознаму. У нейкіх старых стужках часта можна заўважыць такі прыём: цяперашні час паказваецца каляровым, а нейкія флэшбэкі з мінулага – чб. Мне таксама хацелася паглядзець на гэты год як на флэшбэк, але з цяперашняга часу.
Таму, напрыклад, у фільме выкарыстоўваецца не музыка таго перыяду, а сучасная электроніка, каб падкрэсліць, што гэта ні ў якім разе не спроба стылізацыі.
Кадр з фільма “Лета 1989”, Беларусь.
— Дзе вы здымалі фільм і з якімі складанасцямі сутыкнуліся?
— Хтосьці з валанцёраў падказаў, што недалёка ад Мінску ёсць хутар. Там звычайна праходзяць яшчэ ўсялякія гістарычныя рэканструкцыі. Побач ёсць лес, возера – акурат тое, што трэба. Падалей ад нежаданай увагі, каб хутка, як гэта ў мяне заўсёды, зняць фільм. Нам таксама вельмі пашанцавала з надвор’ем. Адзіны складаны момант заключаўся ў тым, што было вельмі цёпла і возера перасохла. У выніку патрэбныя сцэны прыйшлося здымаць у іншым месцы. А яшчэ там быў рыбак, які не хацеў сыходзіць, мы нават яму грошы пачалі прапаноўваць. Ён катэгарычна адмаўляўся і працягваў сядзець!
А пасля ўзяў і пайшоў! (смяецца)
Карацей, усё склалася тут найлепшым чынам – канешне, у першую чаргу дзякуючы самааддачы ўсіх удзельнікаў і вялікай дапамозе, якую аказвалі валанцёры і сябры.
А! Быў яшчэ момант! Гэта не складанасць, проста моцна ўразіла, бо з такім я сутыкнуўся ўпершыню. Напрыклад, нейкія акцёры, якія, скажам так, былі ў маім шорт-лісце, адмовіліся здымацца… Не паверыце – таму што мае героі спажываюць алкаголь, таму што займаюцца сэксам, не будучы ў шлюбе!! Для мяне гэта было дзіўна! Я сапраўды не разумею, як можна праецыраваць на героя нейкія свае этычныя нормы.
— Калі вы кажаце пра незалежнае кіно, адзначаеце, што вельмі важна, каб шанцавала. Ці былі моманты, калі ўсе вісела на валаску?
— Не, такіх сітуацый не было, што добра! Але ж складанасцей заўсёды хапала. Напрыклад, на здымках першага фільма “Дзясятка” для запісу гука знайшоўся чалавек без вопыту, плюс у яго не было мікрафона, яшчэ там здарылася асабістая трагедыя ў чалавека. Як вынік – ён выпаў амаль на ўвесь перыяд здымак. Гук мы пісалі як папала. Канешне, гэта чутно, калі глядзіш фільм.
Падчас здымак фільма “Скура”, выпаў снег. Гэта быў канец кастрычніка, у нас ужо былі знятыя сцэны без снегу, а тут наце! Прыйшлося рабіць паўзу. Калі здымалі “Як мы захочам”, у нас герой быў паліцэйскім, форму мы ўзялі напракат на Мосфільме. Сцэна была побач з клубам, дзе было нейкае мерапрыемства. І там прысутнічаў ці то дзеячы, ці то былы супрацоўнік, якому не спадабалася, што хтосьці вось так разгульвае ў форме. Ён выклікаў нарад паліцыі. Акцёра затрымалі, мы яго вызвалілі, але там нам здымаць забаранілі.
— Гэты фільм, як і ў прынцыпе ўсе папярэднія, вы знялі за тыдзень. З чаго складваецца такая мадэль працы, каб сапраўды прыехаць і зрабіць усё за такі кароткі тэрмін?
— Так, у мяне за ўвесь час склалася нейкая такая вытворчая мадэль, якая, з аднаго боку, дазваляе здымаць вельмі хутка, а з іншага – адпавядае маёй такой мінімалістычнай эстэтыцы. З чаго гэта мадэль складваецца?
Вельмі шмат залежыць ад аператара і гукааператара. Гэта павінны быць людзі, якія вельмі добра ведаюць сваю справу. Якія не будуць марнаваць час, каб пераставіць тэхніку ці падрыхтаваць усё неабходнае для здымак кожнага кадра.
Другі кампанент – наколькі добра акцёры ведаюць тэкст. У мяне заўсёды бываў мікс прафесійных акцёраў і непрафесійных. У мяне няма стаўлення, што першыя лепшыя за другіх. Але ж у прафесіяналаў ёсць адзін вельмі важны навык: запамінаць вялікія аб’ёмы тэксту. Ад гэта вельмі залежыць хуткасць. Калі акцёр запомніў тэкст, яму не трэба ўспамінаць, а што там далей казаць. Ён проста можа пагрузіцца ў гэтую ролю, у гэтую рэальнасць і пачаць працаваць! Адсюль мінімальная колькасць дубляў. У стужцы “Лета 1989” з гэтым было больш складана, бо гэта былі непрафесійныя акцёры. Плюс там яшчэ трэба было размаўляць мовай людзей трыццацігадовай даўнасці.
Трэці кампанент – здымаць максімальна доўгімі планамі. Калі хтосьці памыліўся, запнуўся, то ўжо ты выбіраеш: пераздымаць цалкам ці здымаем з той кропкі, якую менавіта трэба выправіць.
Яшчэ адна рэч, якая дазваляе паскорыць працэс, – разуменне таго, што ты здымаеш! Без гэтага – “а давайце паспрабуем так, а можна, лепш вось гэтак?”
Не! Незалежнае кіно для мяне зусім не пра эксперыменты. Гэта пра рэалізацыю ідэі, пра сваё асабістае выказванне, таму трэба мець уяўленне, як павінны выглядаць кадры і што ты ўвогуле хочаш атрымаць.
Трэба таксама памятаць, што любую ідэю можна адаптаваць нейкім чынам нават без вялікіх сродкаў, уключаць фантазію!
“Лета 1989” пра мінулае, я разумеў, што ўзнавіць рэаліі 1989 года будзе складана, каб гэта выглядала пераканаўча…Якое выйсце? Мае героі проста пайшлі ў паход! Заўсёды, як мне здаецца, ёсць рашэнне.
Яшчэ адзін вельмі важны фактар. Назаву яго драйвам. Калі ты разумееш, што ты робіш штосьці цікавае. Многія, з кім я працаваў, мелі першы вопыт сутыкнення з поўным ігравым метрам. І вось само кіно, сама атмасфера настолькі зацягвае, што гэтай энергіяй трэба карыстацца. Каб усе ўключыліся і вось на гэтай хвалі дакладна і добра рабілі той аб’ём працы, які неабходна зрабіць сёння.
Зразумела, што так адбываецца не заўсёды, але калі атрымоўваецца, – гэта файна і спрыяе хуткасці і лёгкасці.
— Вы сказалі зараз, што здымаеце і прафесійных, і проста аматараў кіно, розніцы для вас няма, акрамя прафесійнага навыку запамінання тэксту. Але, як я зразумела, гэта таксама не самы прынцыповы для вас момант. На што тады звяртаеце ўвагу, калі праводзіце кастынг?
— Сапраўды: ёсць адукацыя ці не, які вопыт, якая фільмаграфія, ці ёсць яна наогул – усё гэта не мае аніякага значэння. Пры гэтым я не арыентуюся выключна на тыпаж. Мне патрэбна асоба! Тыпаж – гэта ж пра фармальнае: рост, вага, колер валасоў, вачэй. Гэтага для мяне мала. Важна, як чалавек сябе трымае, якая ў яго міміка, якія жэсты – каб зразумець, упішацца гэты чалавек у кантэкст фільма ці не. А калі ўпісваецца, то важную ролю іграе момант даверу да акцёра. Скрупулёзна з акцёрамі над кожным радком я не працую. Для мяне гэта некалькі штучны падыход. Для мяне сапраўды 80 адсоткаў працы з чалавекам адбываецца менавіта на кастынгу. Калі ты злавіў патрэбнага, які ўпісваецца ў асобу твайго кінагероя, то, лічы, што справа зроблена.
Тым больш, што андэграўнд не дазваляе табе месяцамі разам з кастынг-дырэктарам шукаць неабходнага таго самага геніяльнага акцёра, вы ж разумееце. Ды і шчыра кажучы, я ў такое “вось гэта ён, той самы!” – не веру.
— Не магу не задаць пытанне, адказ вельмі будзе цікавым для тых нашых чытачоў, якія ці мараць штосьці здымаць, ці ўжо спрабавалі. Колькі патрэбна грошай мінімальна, каб зняць поўны метр?
— Калі ўсе ўдзельнікі знаходзяцца ў адным горадзе, то я бы назваў планку ў 2 тысячы еўра. Гэта поўны бюджэт з постпрадакшанам. Але ж, канешне, з улікам таго, што ўсе будуць разумець, што гэта незалежны праект і людзі гатовыя працаваць за вельмі невялікія грошы. Калі здымаў першы фільм “Дзясятка”, там усе ўдзельнічалі бясплатна.
Пасля я намагаўся, хоць сімвалічныя, але ж грошы плаціць.
Плюс, калі мы кажам пра 2 тысячы, трэба разумець, што гэта сучасная гісторыя, аўтарская драма, не патрабуючая шмат рэквізіту.
Трэба таксама помніць, што за такія сродкі не абавязкова здымаць фільм, дзе два чалавека тупа сядзяць у памяшканні і пра штосьці доўга філасофскі размаўляюць. Многім так часта падаецца: маўляў, а што яшчэ можна зняць, калі грошай няшмат? У мяне вось не было ніколі ні аднаго такога фільма! Заўсёды дзясяткі лакацый, дзясяткі акцёраў і эпізоднікаў. Так, пры гэтым абавязкова будуць нейкія тэхнічныя творчыя праблемы, да гэтага трэба рыхтавацца. Увогуле не быць перфекцыяністам, бо тады табе ўвогуле не трэба здымаць кіно (смяецца).
Калі ў вас атрымаецца давесці бюджэт до 5 тысяч еўра, гэта зусім файна!
Гэтага дастаткова, каб смела адразу здымаць поўны метр! А здымаць патрэбна толькі яго!
— Адразу поўны? Ніякіх кампрамісаў?
— Канешне! Справа ў тым, што кароткага метру шмат, канкурэнцыя вялізарная, згубіцца з такім фільмам вельмі проста. А вось чалавек, які зрабіў поўны метр, ён неяк ужо больш гучна і важна можа пра сябе заявіць!
Складанасці тут таксама будуць – куды без іх? Пасля здымак пачынаецца таксама цяжкі шлях! Кіно трэба яшчэ данесці да гледача! Трапіць на нейкі буйны круты фестываль з незалежным андэграўндным поўным метрам – вельмі складана. Тут таксама ўсё досыць камерцыяналізіравана, там больш дамінуюць стужкі, якія ідуць ад sales-агентаў, вядомых прадзюсараў, фільмы з бюджэтам ад паўмільёна еўра. А да твайго фільма, які прыйшоў з боку, будуць больш прадузятыя адносіны. Трэба быць гатовымі, што будуць шмат дзе адфутбольваць, але здавацца не трэба!
— Давайце скончым наша інтэрв’ю зноў-такі вашым апошнім фільмам. Не хочацца прасіць вас яго прадаць гледачу, але ж паспрабуем. Чаму яго ўсё ж трэба паглядзець?
— Лепш я скажу, каму гэты фільм можа быць цікавым! Гэта стужка была б цікавая сучасным падлеткам, якія хочуць паглядзець на тое, якімі былі 30 год таму іх бацькі, тая рэальнасць, у якой яны жылі. Па-другое – людзям майго пакалення, якія хацелі бы ўспомніць сваё юнацтва і настальгаваць! Толькі не па СССР, дзе нічога добрага не было, а менавіта па юнацтву – такім добрым файным часе. Ну і задумацца (гэта, бадай, што самая важная думка) – наколькі апраўдаліся нашыя надзеі, мары, планы, а калі не, то чаму?
P.S Усе фільмы Ўладзіміра Казлова, акрамя пакуль што апошняга, можна паглядзець на яго ютуб-канале і на афіцыйным сайце.
“Мой падыход такі: няхай яны будуць даступнымі бясплатна, людзі павінны мець магчымасць глядзець кіно. Задачы зарабляць на гэтым грошы ў мяне ніколі не было”
Што тычыцца стужкі “Лета 1989” за анонсамі бліжэйшых афлайн-паказаў можна сачыць у сацсетках аўтара.
Backstage.Belarus
Вядучы праектаў “Годна” расказаў Backstage пра беларускую музыку, любімых ціктокераў…
Януш Гаўрылюк – заснавальнік культавага ўжо фестывалю беларускіх фільмаў “Бульбамуві”,…
Андрэй Палупанаў — заснавальнік і выкладчык папулярнай у Беларусі прыватнай…