“Беларускія фільммэйкеры зараз не проста выйшлі з зоны камфорту, яны адтуль катапультаваліся”
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Выкананая ў форме галасавога паведамлення, надыктаванага па-над відэашэрагам, гэтая праўдзівая аўтарская карціна з’яўляецца візуальным эсэ-разважаннем, якое ставіць сваёй мэтай не распавесці, падпарадкоўваючыся драматургічным канонам, нейкую гісторыю, а перадаць адчуванні аўтара, яго разважанні.
Калі зыходзіць з паняцця, што кіно “паказвае, а не расказвае”, то дадзеную карціну будзе дакладней прылічыць да ліку твораў арт-медытацый. Выкарыстаныя аўтарам візуальныя прыёмы хоць і дазваляюць імгненна прыцягнуць увагу, аднак хутчэй маюць ролю дадатка да манатоннага голасу прамоўцы, які сваімі сталымі паўтарэннямі не толькі задае дынаміку фільма, але і расстаўляе акцэнты, дае новыя сэнсы.
У суме карціна аказвае эфект, падобны ўводзін чалавека ў стан трансу, сваёй павольнасцю і наўмыснай працягласцю прымушаючы выпасці з штодзённых клопатаў, спыніцца, паслухаць. Апускаючы слухача ў роздумы і думкі, спрабуючы адкрыць яму тыя глыбіні ўнутранага Я, у якія звычайна ніхто не зазірае, рэжысёрка адводзіць слухача ад рэальнасці, ствараючы прастору, у якой ёсць толькі глядач і аўтар, а дакладней – глядач і карціна. Большасць кадраў знята ў манахроме, але адчуванне, быццам у свеце, што паказвае рэжысёрка, і няма фарбаў, быццам нам паказваюць жыццё, якім яно і мае быць у свеце гэтай карціны.
Кадр з фільма “Межы” Юлі Шатун.
Наогул, павольнасць, глыбіня разваг, штодзённасць без прыкрас – усё гэта відавочна можна прылічыць да элементаў, якія характарызуюць індывідуальны мастацкі почырк Юліі Шатун. У “Межах” аўтарка наўмысна стылізуе кадры, знятыя ў рэальным часе, пад плёначную здымку ў чорна-белых танах. Так, калі ў фільм акуратна ўплятаюцца кадры сямейнай хронікі рэжысёркі, гэта не выклікае ніякай візуальнай супярэчнасці. Пры гэтым у фільме ёсць і некалькі каляровых кадраў, аднак усе яны – гэта запіс экрана тэлефона, то бок праекцыя віртуальнага жыцця, па сутнасці сваёй нерэальнага. Аднак у карціне межы сціраюцца, і сучаснасць робіцца часткай мінулага, а віртуальнае перацякае ў сучаснасць.
Ад фільма не варта чакаць складаных драматычных паваротаў ці неверагодных візуальных рашэнняў. Аднак у сваім спакоі карціна не пазбаўлена і дынамікі, якую лёгка можна прасачыць на прыкладзе некалькіх прыёмаў. Адзін з іх – жывая камера. Гэтае аўтарскае рашэнне дае жыццё нежывым рэчам і застылым планам, ствараючы эфект назірання за жыццём, якога быццам і няма. У спробе знайсці межы кадра дрыготкай камерай аўтарка стварае эфект чакання невядомага, нібыта камера захоўвае дух сутнасці, якую не бачна: яна або ўжо выйшла з кадра, або яшчэ не паспела ўвайсці.
Іранічна, што рэжысёрка хоць і спрабуе зразумець, дзе звычайна ў фільмах заканчваецца аўтарскае бачанне, а дзе пачынае рэальна раскрывацца сутнасць аб’екта, сама па-мастацку хаваецца за вобразам дзяўчыны, якая агучвае думкі аўтара невядомаму суразмоўцу падчас паездкі ў аўтобусе.
Агульныя і буйныя; размытыя і сфакусаваныя; застылыя кадры і кадры ў руху; дэталі валасоў на галаве, дэталі ліній на ступнях; кадры хронікі і ўмоўная рэальнасць – усе гэтыя супрацьлеглыя паняцці змешваюцца ў фільме, дазваляючы аўтарцы даследаваць тэму межаў. Рэжысёрка ўзнімае цікавую тэму адзінства адрозненняў і пытанне існавання гэтай сутнасці ў прынцыпе, сэнсу мяжы рэчаў і супрацьлегласцей. Але чамусьці ў сваёй цікавасці яна не сыходзіць глыбока, толькі прадпрымаючы спробы злучыць рознае. Нельга сказаць, што яна здолела хоць у нейкай меры адысці ад павярхоўнага пазначэння неадназначнасці існавання дадзенага канструкта, па сутнасці прыдуманага людзьмі. Карціна не задае наўпрост пытанні, але і не ставіць сваёй мэтай даць адказы.
Яна толькі падкрэслівае тое, што ў клопатах сваіх жыццяў мы маглі і не заўважыць, што, тым не менш, таксама па сутнасці можа аказацца ўсвядомленым аўтарскім рашэннем. Аднак у выніку, калі сур’ёзна спрабаваць ісці за струменем думак аўтаркі, глядач можа рызыкнуць застацца з адчуваннем меланхалічнай спустошанасці ад толькі пазначанай складанасці навакольнай рэальнасці.
Нельга не адзначыць гукавое рашэнне і афармленне, інтэршум, якія пэўна з’яўляюцца моцнымі бакамі карціны. У агульнай сукупнасці фільм хаця і не прызначаны для масавага гледача, можа стаць незвычайным аўдывізуальным дадаткам да медытатыўнай практыкі. Таму калі вы гатовы адправіцца ў падарожжа па межах сваёй душы, надзявайце навушнікі, уключайце фільм, зрабіце ўдых – і наперад.
Backstage.Belarus
Зусім хутка ў Берліне пройдзе нефармальны з’езд кінематаграфістаў. Backstage паразмаўлялі…
Прадзюсар Леанід Каліценя разам з камандай Беларускай сеткі фільммэйкераў запусцілі…
Я даўно хацела напісаць гэты тэкст. Праўда, увесь час спыняла…